Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне Сяргея Хахомава рэктарам Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францішка Скарыны. На працягу апошніх 12 гадоў ВНУ ўзначальваў Аляксандр Рагачоў.
Хто ж такі Сяргей Хахомаў? Яму 49 гадоў, ураджэнец Гомеля. Фізік, сферай ягоных інтарэсаў лічыцца акустыка крышталю, а таксама электрадынаміка штучных анізатропных структур. Кандыдат фізіка-матэматычных навук (1997), дацэнт (2000). У ГДУ імя Скарыны працуе ад 1995 года.
Хахомаў з’яўляецца аўтарам звыш як 240 навуковых работ, а таксама 8 патэнтных вынаходніцтваў. Сярод яго патэнтаў «Спосаб і прылада для ўзмацнення ультрагукавой хвалі», «Прылада для для вымярэння эліптычнасці папярэчнай акустычнай хвалі» і іншыя. Апошнім часам ён займаў пасаду прарэктара па вучэбнай працы.
Зменены таксама рэктар у Віцебскім тэхналагічным універсітэце. Адметна, што Валерый Башметаў найдаўжэй займаў гэтую пасаду сярод іншых айчынных кіраўнікоў ВНУ – аж ад 1993 года.
Новым рэктарам стаў не нехта з намеснікаў Башметава, а загадчык кафедры аўтаматызацыі тэхналагічных працэсаў і вытворчасці Андрэй Кузняцоў.
Хто з рэктараў найбольш працяглы час знаходзіцца на сваёй пасадзе:
- Вітольд Песціс (Гродзенскі аграрны ўніверсітэт): ад 1995 года
- Наталля Баранава (Лінгвістычны ўніверсітэт): ад 1995 года
- Валянцін Валетаў (Мазырскі педагагічны ўніверсітэт імя Івана Шамякіна): ад 1997 года
- Антон Ятусевіч (Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны): ад 1998 года
- Ігар Сазонаў (Беларуска-расійскі ўніверсітэт): ад 1998 года.