Карпарацыя Microsoft купіць сацыяльную сетку LinkedIn за 26,2 млрд даляраў.

Выканаўчы дырэктар карпарацыі Сат'я Надэла заявіў, што гэтая ўгода «аб'яднае сусветнага лідара ў галіне воблачных сэрвісаў для бізнэсу і вядучую сацыяльную сетку для наладжвання прафесійных кантактаў».

Колькасць карыстальнікаў LinkedIn ацэньваецца ў больш чым 400 млн.

Як сцвярджаюць прадстаўнікі абодвух бакоў, LinkedIn захавае «свой вядомы брэнд, культуру і незалежнасць».

Як чакаецца, ўгода будзе заключаная на працягу гэтага года.

У заяве Microsoft гаворыцца, што кампанія заплаціць 196 даляраў за акцыю сацсеткі, што перавышае кошт акцый на закрыцці таргоў у пятніцу на 49,5%. У панядзелак раніцай пасля навіны аб угодзе акцыі LinkedIn узляцелі на 49%, перадае агенцтва Асашыэйтэд прэс.

Таксама паведамляецца, што ў выпадку скасавання кантракта аб куплі, сацсетка павінна будзе выплаціць Microsoft 725 млн даляраў.

У красавіку стала вядома, што прыбыткі амерыканскай карпарацыі Microsoft рэзка скараціліся з-за падзення продажаў персанальных камп'ютараў. Пры гэтым даходы воблачнага бізнэсу кампаніі растуць. У карпарацыі кажуць, што маюць намер больш актыўна развіваць свае воблачныя сэрвісы.

«Лічбавая трансфармацыя з'яўляецца нашым галоўным прыярытэтам. Як буйныя кампаніі з развітым бізнэсам, так і толькі што запушчаныя фірмы выкарыстоўваюць нашы воблачныя рашэнні, каб хутчэй развівацца і атрымліваць новы прыбытак», — заявіў тады прадстаўнік Microsoft Кевін Тэрнер.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?