30 мая былі завершаныя дзяржаўныя выпрабаванні беларускай ракетнай сістэмы залпавага агню «Паланэз», паведаміў сайт Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта.
«Больш за 20 арганізацый, якія працавалі над стварэннем РСЗА вялікай далёкасці, выканалі ўскладзеныя на іх задачы», — гаворыцца ў паведамленні.
vpk.gov.by
Дзяржаўныя выпрабаванні — адзін з найбольш важных і адказных этапаў праверкі эфектыўнасці новай прадукцыі. Цяпер новая тэхніка можа адправіцца ў войскі, каб ваенныя пачалі ў штатным рэжыме яе выкарыстоўваць.
Вайсковая эксплуатацыя непазбежна выяўляе новыя моцныя і слабыя бакі прадукцыі, пасля чаго вытворца можа ўнесці пэўныя змены ў сваю распрацоўку перад пачаткам масавай серыйнай вытворчасці.
instagram.com/stepanbogdancom
Рэактыўная сістэма залпавага агню (РСЗА) вялікай далёкасці «Паланэз» упершыню была прадстаўлена 9 мая 2015 года на ваенным парадзе ў Мінску. Было заяўлена, што гэтая баявая машына можа адначасова нанесці кропкавы ўдар па васьмі цэлях на далёкасці больш за 200 кіламетраў.
РСЗА ўстаноўленая на чатырохвосным шасі высокай праходнасці МЗКЦ-7930. Імаверна, выкарыстоўваюцца высокадакладныя 301 мм кітайскія ракеты А200 масай 750 кг.
vpk.gov.by
Акрамя васьмізараднай пускавой устаноўкі і транспартна-зараджальнай машыны на шасі МЗКЦ-7930, у склад падраздзялення уваходзіць мабільны камандны пункт батарэі на шасі аўтамабіля МАЗ-6317.