Германія не будзе прызнаваць палігамію і шлюб з непаўналетнімі, заявіў міністр юстыцыі краіны Хейка Маас.
Тыя, хто прыязджае ў Германію, не маюць права ставіць свае культурныя каштоўнасці ці рэлігійныя погляды вышэй за законы краіны, заявіў міністр у інтэрв'ю выданню Bild.
«Усе павінны выконваць закон, незалежна ад таго, вырас чалавек тут або толькі прыехаў», — цытуе газета міністра.
Гэта датычыцца, у першую чаргу, палігаміі. У некаторых мусульманскіх краінах дазволена браць у жонкі да чатырох жанчын. У Германіі падобнае забаронена законам: адначасова можна быць жанатым толькі з адной жанчынай. Тое ж самае тычыцца гвалтоўных шлюбаў і шлюбаў з непаўналетнімі.
Спрэчкі абвастрыліся пасля прыбыцця ў краіну хвалі мігрантаў, у асноўным з мусульманскіх краін.
У адной Баварыі сярод нядаўна прыбылых у рэгіён мігрантаў былі зарэгістраваныя 550 шлюбаў, у якіх нявесце было менш за 18, і 161 шлюб, дзе нявесце было менш за 16 гадоў. У большасці выпадкаў дзяўчаты былі замужам яшчэ да прыезду ў краіну.