Інтэрнэт-партал World Database of Happiness (Сусветная база звестак пра шчасце) выклаў вынікі даследаванняў, у якіх назваў самыя шчаслівыя і няшчасныя краіны свету.

Аўтары працы разглядалі 95 дзяржаваў. Сярод самых няшчасных краінаў першымі сталі Беларусь і Малдова. Пасля значацца Узбекістан, Руанда і Зімбабвэ.

Паводле атрыманых звестак, першыя пазіцыі ў незвычайным хіт-парадзе шчаслівых краінаў займаюць Швейцарыя і Данія. За імі ў рэйтынгу ідуць Аўстрыя, Ісландыя, Фінляндыя, Аўстралія, Швецыя, Канада, Гватэмала, Люксембург, Ірландыя, Мексіка і Нарвегія.

World Database of Happiness - інтэрнэт-партал, дзе сабраны матэрыялы, прысвечаныя навуковаму вывучэнню шчасця. Яго стварылі ўніверсітэт Эразма Ратэрдамскага ў Нідэрландах і Рут Вэнховэн - сацыёлаг і псіхолаг. Вэнховэн зацікавіўся пытаннем, што такое шчасце і як яго дасягнуць, калі быў яшчэ студэнтам. У канцы 90-х гг. ён заснаваў свой партал у Інтэрнэце, куды рэгулярна выкладаюцца псіхалагічныя і сацыялагічныя даследаванні па гэтым актуальным пытанні.

Пераможцы змяняюцца з году ў год, аднак агульная тэндэнцыя застаецца відавочнай: лепш за ўсё пачуваюцца жыхары стабільных краінаў Еўропы.

Яшчэ адна цікавая тэндэнцыя, якую адзначае World Database of Happiness, датычыць змены самаадчування еўрапейцаў пачынаючы з апошняй траціны мінулага стагоддзя. Так, на думку Рута Вэнховэна, узровень задаволенасці людзей падвысіўся ад 1975 г. у большасці заходніх краінаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?