Дэпутаты Дзярждумы прынялі ў трэцім чытанні закон, паводле якога замежныя кампаніі, якія гандлююць праз інтэрнэт электронным кантэнтам на тэрыторыі Расіі, будуць выплачваць падатак на даданую вартасць (вядомы як «падатак на Google»).

Паводле прынятага закона, замежным кампаніям спатрэбіцца зарэгістравацца ў адмысловым электронным уліку Падатковай службы і плаціць падаткі нароўні з расійскімі кампаніямі, якія працуюць у тым жа сегменце рынка.

Так, падаткам на дададзены кошт будзе абкладацца продаж электронных кніг, малюнкаў, музыкі, аўдыёвізуальных твораў, у тым ліку і прадастаўленне аддаленага доступу да іх для прагляду або праслухоўвання праз інтэрнэт.

Таксама пад ПДВ трапляе рэалізацыя камп'ютарных праграм (уключаючы камп'ютарныя гульні), баз дадзеных, у тым ліку шляхам прадастаўлення аддаленага доступу да іх, уключаючы абнаўленні і дадатковыя опцыі. Падаткам на даданую вартасць будзе абкладацца аказанне рэкламных паслуг, у тым ліку з выкарыстаннем праграм і баз дадзеных, якія функцыянуюць у сеціве, а таксама прадастаўленне рэкламнай плошчы ў інтэрнэце.

Акрамя таго, ПДВ будуць абкладацца паслугі па размяшчэнні і набыцці тавараў, прадастаўленне гандлёвых пляцовак у інтэрнэце для ўзаемадзеяння прадаўцоў і пакупнікоў, захоўванне і апрацоўка інфармацыі пры ўмове, што яе ўладальнік мае да яе доступ праз інтэрнэт, прадастаўленне даменных імёнаў і паслуг хостынгу, адміністраванне сайтаў.

Не трапляе пад абкладанне ПДВ рэалізацыя тавараў і паслуг, калі пры замове праз інтэрнэт пастаўка тавараў або выкананне паслуг ажыццяўляецца без выкарыстання сеціва. Таксама не будзе абкладацца ПДВ рэалізацыя праграм і баз дадзеных на матэрыяльных носьбітах, кансультацыйныя паслугі па электроннай пошце і аказанне паслуг па прадастаўленні доступу да інтэрнэту.

У законе прадугледжаныя і кампенсацыйныя меры для расійскіх арганізацый, якія ажыццяўляюць продаж кантэнту праз інтэрнэт. У прыватнасці, прапануецца прадугледзець права прымаць да выліку сумы ПДВ пры аказанні электронных паслуг, месцам рэалізацыі якіх не прызнаецца Расія.

Прынятыя нормы ўступаюць у сілу з 1 студзеня 2017 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?