У ходзе раптоўнай праверкі боегатоўнасці органаў ваеннага кіравання Усходняй, Цэнтральнай, Паўднёвай і Заходняй ваенных акруг, якая стартавала напярэдадні, рухомыя пункты кіравання ў самыя кароткія тэрміны былі прыведзеныя ў баявую гатоўнасць і здзейснілі маршы ў прызначаныя раёны. Пра гэта паведамляе Упраўленне прэс-службы і інфармацыі Міністэрства абароны РФ.

Палявыя пункты кіравання пасля разгортвання забяспечваюць органы ваеннага кіравання, якія ўдзельнічаюць у праверцы радыё, спадарожнікавай, тэлефоннай і тэлеграфнай сувяззю, гаворыцца ў паведамленні. Вузламі сувязі рухомых пунктаў забяспечваецца «ўстойлівае і бесперапыннае праходжанне сігналаў кіравання». Абсталяванне рухомых палявых пунктаў кіравання грунтуецца на самаходных шасі вялікагрузных аўтамабіляў і бронетранспарцёраў.

Напярэдадні міністр абароны Сяргей Шайгу паведаміў, што па распараджэнні вярхоўнага галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі РФ Уладзіміра Пуціна раніцай у аўторак пачалася раптоўная праверка баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці органаў ваеннага кіравання, а таксама баз захоўвання ўзбраення і ваеннай тэхнікі. Асабліва адзначалася, што раптоўная праверка, якая пройдзе з 14 па 22 чэрвеня, будзе праведзеная з прызывам грамадзян, якія знаходзяцца ў запасе.

У Мінабароны таксама паведамляюць, што ў рамках раптоўнай праверкі некаторыя ваенныя камісарыяты атрымалі сігналы на прывядзенне ў баявую гатоўнасць і «прыступілі да адпрацоўкі задач па прызыву з запасу спецыялістаў для камплектавання падраздзяленняў баз захоўвання».

У прыватнасці, супрацоўнікі ваенкаматаў апавяшчаюць грамадзян, якія знаходзяцца ў запасе, камплектуюць каманды і дастаўляюць на пункты прыёму воінскіх частак. Кантралюе дзейнасць ваенкаматаў Генеральны штаб ВС РФ.

«У ваенных камісарыятах адзначаюць высокую актыўнасць грамадзян і гатоўнасць узяць удзел у навучальных мерапрыемствах раптоўнай праверкі баявой гатоўнасці», — гаворыцца ў паведамленні ваеннага ведамства.

Прэса, каментуючы пачатак чарговай раптоўнай праверкі боегатоўнасці УС, звязвае мерапрыемствы з ваеннымі манеўрамі НАТА.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?