15 чэрвеня, у сераду, у доме культуры аграгарадка Палачаны (Маладзечанскі раён) прайшоў сход жыхароў на тэму будаўніцтва свінакомплексу на сто тысяч галоў.

Сабраў людзей Маладзечанскі райвыканкам з нагоды звароту палачанаў у Адміністрацыю прэзідэнта аб спыненні будаўніцтва гэтага аб’екта. Вышэйшая адміністрацыя спусціла скаргу людзей да ніжэйшай, раённай.

Палачане сабралі больш за паўтысячы подпісаў, дружна выступілі супраць планаў размясціць свінарнік у ваколіцах.

Зала сабралася поўная, людзі былі настроены вельмі рашуча.

Галоўныя пытанні: што будзе з грунтовымі водамі, глебай, чым будуць дыхаць людзі, што будзе з асабістым падвор’ем, чаму ўлада не хоча аднесьці аб’ект у больш аддаленае месца?

Праекціроўшчык – ізраільская кампанія, інвестар — кампанія «Вялес-Міт», і дзяржаўная экалагічная экспертыза пераконвалі людзей, што ўсё будзе «ў шакаладзе», і насельніцтву няма чаго баяцца.

Раённая ўлада ў асобе Маладзечанскага райвыканкама заняла бок прыватнай камерцыйнай структуры. Людзі абураліся. І не адзін раз з залы гучала пытанне: «Што ж такога павінны зрабіць жыхары Палачанаў, каб гэта пытанне было вырашана на карысць палачанаў?» Адказу на гэтае пытанне яны так і не атрымалі.

Відэа з залы:

Вось стэнаграма відэазапісу сустрэчы.

 

«З прэзідыума: Гэты праект будаўніцтва і выканання ўказа Вам прынясуць толькі станоўчыя моманты.

Жыхар: Мы не супраць!

З прэзідыума: Ваша права, на сённяшні момант, пагаджацца або не пагаджацца. Калі ёсць у вас жаданне, мы будзем абмяркоўваць экалагічную праблему. Яна выразна акрэсленая тут.

Жыхар: Дайце чалавеку сказаць!

Другі жыхар: На радзіме Кебіча, вёска Канюшаўшчына. Рэчка была, крынічная вада цякла, дык так там падзьме адтуль, дыхаць няможна, ад рэчкі застаўся адзін ручаёк, а вы нейкую экалогію тут творыце. Якая тут экалогія? Усё тут у калодзежы пацячэ.

Жыхарка: У нас усё цячэ ў Бярэзіну з гэтай гары, а тады — у Нёман.

Жыхарка: Разлівы – гэта не толькі лёгкія Палачан, але і лёгкія ўсяго раёна і таго самага Маладзечна.

Жыхарка: Усе знаюць факт, тут не дадуць збрахаць, што некалькі гадоў назад такі паток ішоў адтуль, дзе вы збіраецеся будаваць свінакомплекс… Былі ліўні, і пёр такой поток, заліло ўвесь лог і сарвала мост между Лапінцамі і Палачанамі. Куда вы суёце гэты комплекс? Куда вы его сунеце?

Жыхарка: Пытанне адно – вызначце іншае месца будаўніцтва свінакомплекса.

Жыхарка: Свінакомплекс знаходзіцца ў радыусе сямі вёсак. Там прыжываюць 1500 жыхароў. З гэтых жыхароў – 300 дзяцей, 800 працаздольных і 400 пенсіянераў. Вы ўяўляеце, якраз свінакомплекс знаходзіцца ў цэнтры гэтых вёсак. Гэта Палачаны, Вялікае Сяло, Якімоўшчына, Зоранька, Гаеўцы, Груздаўка. І вы ўяўляеце, што вы робіце? Мы, усе людзі, падпісаліся, сабралі подпісы і гэта не ўсё – не паспелі ўсе подпісы сабраць

Жыхарка: Збяром!

Жыхарка: Людзі да вас па дапамогу звяртаюцца, а вы кажаце…

У зале: Ды яны ўсе прэзідэнта баяцца.

Жыхарка: Справа ў тым, што вы прэзідэнта падманваеце, у нас жа ёсць дакументы на руках. Мы пішам адзін ліст, а нам з аблвыканкама, што не пладародныя зямлі тут.

Жыхарка: Чаму, чаму вы так ставіцеся? Вы ж ведаеце, што трэба заступацца за людзей, абараняць. Усе тут прысутныя, яны ўсе супраць будаўніцтва комплексу. Я была на апошнім сходзе, што адбыўся. Як ён праводзіўся? Ён праводзіўся так, што мясцовыя жыхары не патрапілі на гэты сход. Там нас было толькі 5 чалавек і тое мы стаялі на вуліцы. Хіба гэта сход?

А зараз мы дамагліся таго, што тут праводзіцца сход. Мы ж не так заслужылі. Вы павінны падтрымліваць. Нам блага становіцца ад таго, што мы не бачым з вашага боку падтрымкі. Разумееце?

Вы кажаце, што ў нас няма вайны. Ды я жыву побач з асфальтавым заводам. 300 метраў ад асфальтавага завода. У нас трое дзяцей памерла ад лейкозу, уяўляеце – рак крыві. Гора. Праз год. Аднаму 7 гадоў, другому 8. А вы кажаце, што ў нас усё будзе добра? Якое ў нас добра? Нават вось плакаць хочацца ад таго, што бачыш бяздзейнасць нашых уладаў.

 Я разумею, што нам пытацца са старшыні сельскага савета або з старшыні калгаса, а што яны могуць сказаць? Яны ж ніжэйшае звяно. Ім загадана – яны сядзяць. Што яны могуць сказаць?

Усё сыходзіць зверху. Мы ж ведаем, што вы будуеце на якасных землях. І прэзідэнта падманулі. Яму перададзена хлуслівая інфармацыя. Мы дойдзем да прэзідэнта любымі шляхамі, і ўсё роўна гэта будаўніцтва не ажыццявіцца.

Жыхарка: Што тычыцца фінансавага пытання, эканомікі і фінансаў. Водаправод нам абяцаюць падвесці, свіней бясплатна дадуць, кучу дабротаў нам абяцаюць. Не трэба нам гэтага!

За гэтыя грошы перанясіце комплекс далей ад вёскі. У другі раён. Вам так будзе дзешавей.

Старшыня: Уяўляеце, у іншым раёне такія ж людзі, як вы. Паважаныя жыхары аг.Палачаны, вы маеце права яшчэ раз звярнуцца да прэзідэнта. Але мы сёння не маем права абмяркоўваць указ прэзідэнта. Яго можа адмяніць толькі сам прэзідэнт. Мы з вамі абмеркавалі экалагічную праблему, скажам так, паспяхова.

А ваша далейшае права – жальцеся прэзідэнту на прэзідэнта.

Жыхары: Баімся, да?

Старшыня: Усё вы ведаеце, напэўна, будзем заканчваць, дзякуй усім, што ўзялі ўдзел, і да сустэчы.

 

(Шум.)

 

Жыхары: Не! Куды? Чакайця!

 

(Зайграла музыка.)

 

Чалавек выйшаў на сцэну: Дарагія людзі, давайце будзем рашаць, будзе тут свінарнік ці не будзе?

 

Жыхары: Не!

 

Чалавек са сцэны: Тады ніякая ўлада, ніякі інвестар, калі нам не трэба тут свінарнік – яго тут не будзе!

 

(Апладысменты. Музыка грае гучней.)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?