На сталічным востраве Камсамольцаў, размешчаным побач з праспектам Пераможцаў, 23. чэрвеня адкрыецца маштабная экспазіцыя «АРТ-астравы» з 15 інсталяцый, паведамілі арганізатары мерапрыемства.

«АРТ-астравы» — 2015, фота Сяргея Гудзіліна

«АРТ-астравы» стануць самай маштабнай у Беларусі выставай інсталяцый пад адкрытым небам. Шматметровыя прасторавыя аб'екты распрацаваныя вядомымі мастакамі, якія збяруць іх на месцы з розных матэрыялаў — дрэва, пластыку, металу. Вышыня некаторых інсталяцый будзе большай за пяць метраў. Кожная праца мае філасофскі падтэкст: прымушае задумацца пра сэнс жыцця, месца чалавека на планеце або ўплыў грамадства на асабістую свабоду. На экспазіцыі можна будзе ўбачыць партал для падарожжаў ў часе і прасторы, гіганцкія коканы на дрэвах, вялікі трохколавы ровар, алегорыю сучаснага горада і шпакоўню для думак. Наведвальнікам прапануюць пабыць у абдымках прыроды і адчуць уплыў штучнага свету.

Аўтарамі прац стануць беларускія мастакі Дзмітрый Сурскі, Максім Пятруль, Канстанцін Селіханаў, Павел Вайніцкі, Віктар Копач, Ігар Лявонцьеў, Аляксандр Сакалоў і Канстанцін Мужаў. Свае працы таксама прэзентуюць Таццяна Гомза, Аляксей Сарокін, Васіль Цімашоў, Паліна Пірагова, Алёна Златковіч, Віктар Старухін, Вольга Нячай і Сяргей Оганаў. У праекце возьме ўдзел польскі мастак Рэмігіюш Дулька, які прадставіць скульптуру «Горад».

Праект закліканы садзейнічаць фармаванню ў Мінску крэатыўнага гарадскога асяроддзя і ўключэнню яго жыхароў у працэс развіцця сучаснага мастацтва. Востраў Камсамольцаў стане пляцоўкай для абмену творчымі ідэямі і месцам сустрэчы мастака і яго аўдыторыі. Самыя арыгінальныя працы пасля могуць атрымаць пастаянную прапіску на вуліцах горада.

Арганізатарам выставы «АРТ-астравы» выступае Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, генеральным партнёрам — Альфа-Банк (Беларусь). Праект ажыццяўляецца пры падтрымцы Міністэрства культуры і Мінскага гарвыканкама. Экспазіцыя працягнецца прыкладна тры месяцы — аж да Дня горада, які ў бягучым годзе ў Мінску адзначаць 10 верасня.

Выстава праводзіцца ў сталіцы другі раз. Летась на востраве Камсамольцаў прадставілі 14 велізарных скульптур — ад «Жалезнага хакеіста» да «Вавілонскай вежы». На свае вочы іх пабачылі каля 500 тысяч чалавек.

Афіцыйнае адкрыццё экспазіцыі адбудзецца 23 чэрвеня ў 18.00. Наведаць выставу можна будзе бясплатна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?