Індыяна Джонс застанецца ў жывых у канцы новага фільма легендарнай кінасагі, паведаміў рэжысёр Стывен Спілберг. Прэм'ера пятай часткі намечаная на 2019 год, галоўную ролю зноў сыграе Харысан Форд.

EPA

«Адзінае, што я вам магу сказаць — гэта тое, што я не збіраюся забіваць Харысана ў канцы фільма», — сказаў Спілберг у інтэрв'ю выданню Hollywood Reporter.

Спілберг, які паставіў чатыры фільмы пра прыгоды археолага Індыяны Джонса, таксама адзначыў, што вельмі захоплены новым праектам.

Фільм з'явіцца на экранах праз 11 гадоў пасля прэм'еры чацвёртай часткі прыгодніцкай франшызы, «Індыяна Джонс і Каралеўства крыштальнага чэрапа», якая выйшла ў пракат у 2008 годзе. У сіквела пакуль няма назвы.

Раней Харысан Форд адзначаў, што ён даўно задумваўся пра магчымасць папрацаваць над яшчэ адным фільмам пра Iндыяну Джонса, аднак толькі ў тым выпадку, калі рэжысёрам зноў будзе Спілберг.

«Я таксама не хацеў бы рабіць гэта без па-сапраўднаму добрага сцэнара… Стывен працуе над сцэнаром, які, думаю, нам вельмі спадабаецца», — сказаў ён.

Першы фільм пра Iндыяну Джонса — «У пошуках страчанага каўчэга» — выйшаў у 1981 годзе і стаў адным з самых касавых карцін у гісторыі Галівуда.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?