На днях старшыня прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук Міхаіл Мясьніковіч заявіў, што на Кукшынаўскай пляцоўцы, што ў Магілёўскай вобласьці, найхутчэй, пабудуюць беларускую АЭС.

Журналісты на панядзелкавай прэс‑канфэрэнцыі лідэраў апазыцыі запыталіся, што яны думаюць пра будаўніцтва АЭС.

«Унутры аб’яднаных дэмакратычных сілаў агульная пазыцыя адносна будаўніцтва АЭС не выпрацоўвалася. Сваё меркаваньне мая кожная з партый. На апошнім сойме БНФ мы абмяркоўвалі гэтую праблему. Наша пазыцыя — не дапусьціць будаўніцтва ў краіне расейскай АЭС. У першую чаргу трэба запатрабаваць ад уладаў максымум інфармацыі пра эканамічнае абгрунтаваньне, мэханізм і аргумэнты дзеля выбару замежнага партнэру. Толькі пры ўмовах такой празрыстасьці можа прымацца такое важнае для нашай энэргетычнай бясьпекі стратэгічнае рашэньне», — кажа намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка.

«Нацыянальны камітэт АДС праводзіў круглы стол на гэтую тэму. Была вельмі цікавая дыскусія. Сапраўды, адзінай пазыцыі няма. Аднак, усе структуры АДС падзяляюць меркаваньне, што пры гэтым палітычным рэжыме будаваць АЭС нельга. На гэтае пытаньне трэба ўвесьці мараторый да той пары, пакуль ня будзе адказная ўлада, якая будзе прымаць такое рашэньне толькі пасьля дыскусіі ў грамадзтве», — зазначыў старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

Раней за будаўніцтва АЭС выступіў толькі лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч.

Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0