Калегія па крымінальных справах Мінскага гарадскога суда, разгледзеўшы 17 чэрвеня ў апеляцыйным парадку справу байца Добраахвотніцкага ўкраінскага корпуса «Правага сектара» Тараса Аватарава, пакінула вынесены яму прысуд без змен.

5 мая суд Фрунзенскага раёна Мінска прыгаварыў 29-гадовага жыхара Наваполацка Тараса Аватарова да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасці. Ён прызнаны вінаватым у незаконным абароце выбуховага прыстасавання на аснове асколачных гранат для станковага гранатамёта АГС-17 «Полымя» і яго незаконным перамяшчэнні праз мытную мяжу Беларусі (ч. 2 арт. 295 КК і ч. 2 арт. 228 КК). Віну па першым складзе Аватараў прызнаў, па другім — не.

Калегія па крымінальных справах Мінгарсуда адмовіла ў задавальненні скаргі адваката Аватарава і пратэсту пракуратуры. Такім чынам, прыгавор суда Фрунзенскага раёна набыў законную моц, і зараз абарона можа толькі звяртацца з нагляднымі скаргамі на імя старшыні Мінгарсуда і ў вышэйшыя інстанцыі.

Падчас сённяшняга разгляду справы суд таксама адмовіўся задаволіць хадайніцтва і далучыць да матэрыялаў справы перапіску адваката з Дзяржкамітэтам судовых экспертыз, які адмовіўся падаць абароне звесткі аб методыках, якія ўжываюцца пры правядзенні выбухатэхнічных экспертыз, а таксама аб коле асоб, якія ўдзельнічалі ў такой экспертызе па справе Аватарава.

Суд таксама адмовіўся далучыць да матэрыялаў справы інфармацыю абароны пра тое, што выкарыстаныя пры правядзенні экспертызы электронныя вагі не былі сертыфікаваныя.

Адвакат Крысціна Марчук лічыць адмову Дзяржкамітэта судэкспертыз неабгрунтаваным і мяркуе, што гэтаму ведамству «ёсць што хаваць».

Дзіўнай падалася назіральнікам адмова суда задаволіць пратэст пракуратуры. Пракуратура, у прыватнасці, прасіла суд унесці чыста тэхнічныя змены ў прысуд: пазначыць правільны час прыбыцця Аватарава на беларуска-ўкраінскую мяжу (час, паказаны ў прыгаворы, не супадаў з часам, названым у матэрыялах крымінальнай справы), а таксама выправіць памылку ў напісанні пункта мытнага афармлення (у прыгаворы замест «Новая Гута» значыцца «Новая Рута»).

Падчас пасяджэння адвакат асабліва звярнула ўвагу суда на тое, што яшчэ да ўваходжання прыгавору ў сілу Аватарава адправілі ў папраўчую калонію. «Гэта значыць, ён фактычна ўжо адбывае пакаранне», — падкрэсліла абаронца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?