Кампанія «Аліварыя» правяла адкрыты майстар-клас па беларускай мове «Мова футбола» для заўзятараў. Першы беларускамоўны міністр, а цяпер пасол у Францыі Павел Латушка, а таксама спартыўныя каментатары Павел Баранаў і Дзмітрый Герчыкаў распавялі прысутным пра беларускамоўныя футбольныя тэрміны і асаблівасці працы падчас жывых эфіраў.

Найперш сваімі ўражаннямі ад Еўра-2016 падзяліўся Павел Латушка:

«У Парыжы цяпер, вядома, вельмі шумна, але святочна. На чэмпіянат прыехала больш за мільён гасцей, — распавёў дыпламат. — Вельмі добра, што ў Мінску таксама ёсць сапраўдная фан-зона, дзе да таго ж можна заўзець па-беларуску. Дзякуючы «Аліварыі» мы далучаемся да еўрапейскай традыцыі «заўзення» ў найлепшым сэнсе гэтага слова. У Францыі, у сваю чаргу, будуць каштаваць наша піва «Аліварыя Залатое» падчас чэмпіянату».

Пасол адзначыў, што прапаноўваў мясакамбінатам, каб яны прадставілі сваю прадукцыю падчас Еўра-2016. Справа ў тым, што каля пасольства Беларусі ў Францыі была адкрытая спецыяльная пляцоўка для прагляду матчаў. У наступным годзе Латушка паабяцаў прадставіць яшчэ больш беларускай прадукцыі падчас Чэмпіянату па хакеі ў Францыі.

Гасцям паказалі слоўнік-прэзентацыю і распавялі, як правільна гучаць футбольныя тэрміны па-беларуску.

Спартыўны каментатар Павел Баранаў часта выкарыстоўвае слова «варатар», што выклікае абурэнне ў гледачоў.

Павел Латушка адразу не пагадзіўся з такой фармулёўкай, паведаміўшы, што сам ужывае словы «брама» і «брамнік».

Беларускі каментатар пагадзіўся, што «брамнік» можна ўжываць, але «у мове павінны быць суворыя правілы, на якія мы павінны абапірацца». Павел Баранаў пры перакладзе на беларускую мову звяртаецца да класічнага акадэмічнага слоўніка Кандрата Крапівы і Якуба Коласа, і там напісана «варатар».

Тое самае тычыцца і слова «гульцы». «Нашыя калегі, якія працавалі яшчэ ў 80-я, казалі «ігракі». Спачатку я казаў «ігракі», пасля казаў «гульцы». У пачатку 2000-х кіраўніцтва пачало абурацца, маўляў, чаму «гульцы» і дзе ты іх знайшоў. У выніку я зазірнуў у слоўнік, а там — гульцы», — падзяліўся досведам каментатар. 

Каментатары Дзмітрый Герчыкаў і Павел Баранаў.

Каментатары Дзмітрый Герчыкаў і Павел Баранаў.

Каментатар Дзмітрый Герчыкаў падтрымаў пасла і сказаў, што больш схіляецца да слова «брамнік».

Павел Баранаў выказаў думку, што за ўжыванне тых ці іншых словаў павінны адказваць прафесійныя лінгвісты.

Дзмітрый паведаміў, што скончыў філалагічны факультэт БДУ, і пагадзіўся, што Беларусі патрэбен беларускамоўны спартыўны слоўнік. Сёння ж Дзмітрый выкарыстоўвае словы, абапіраючыся на іх гучанне, мілагучнасць, таму збольшага карыстаецца літаратурнай лексікай. 

Падагульніў каментатараў Павел Латушка: «Я таксама за чысціню беларускай мовы, але мне ўсё ж такі падаецца важным, каб мы размаўлялі на нашай мове, няхай з памылкамі. Бо што тады адказаць Багдановічу: «І тчэ, забыўшыся, рука, заміж персідскага ўзора, цвяток радзімы васілька»».

Пасля абмеркавання актуальных дылем у каментаванні па-беларуску Павел Латушка разам з Паўлам Баранавым паспрабавалі пракаментаваць ужо праведзеную гульню Францыя — Румынія па-беларуску. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?