Мінскі гарадскі суд 17 чэрвеня адмяніў рашэнне суда Савецкага раёна сталіцы, які прызнаў намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу 25 сакавіка з нагоды Дня Волі і які аштрафаваў палітыка 5 мая на 30 базавых велічынь (6,3 млн рублёў).

Як паведаміў Кастусёў, адміністрацыйная справа была адпраўленая на перагляд назад у суд Савецкага раёна, але ўжо іншаму суддзі. Мінгарсуд, адзначыў Кастусёў, прызнаў слушнымі довады аб парушэннях пры разглядзе адміністрацыйнай справы.

«Парушэнні былі відавочнымі. Так, супрацоўнікі міліцыі накіравалі на мой адрас позву з патрабаваннем з'явіцца ва УУС Савецкага раёна не Кастусёву, а Касцярову. Сам пратакол таксама быў складзены з парушэннямі: немагчыма прачытаць, кім ён складзены, зноў напісана прозвішча Касцяроў. Акрамя таго, я атрымаў позву ў той дзень, калі адбыўся суд, прычым ён пачаўся ў 10 гадзін, хоць на позве значыўся час 11.30», — паведаміў палітык.

Кастусёў нагадаў, што быў адным з арганізатараў акцыі. «На мне вісеў бэджык з надпісам «арганізатар». Падчас акцыі ў мой адрас не паступіла ніводнай заўвагі», — сказаў ён.

Паўторны разгляд адміністрацыйнай справы, паведаміў Кастусёў, павінен адбыцца на працягу двух месяцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?