Парламент Канады пасля доўгіх спрэчак прыняў закон, які дазваляе дактарам ажыццяўляць эўтаназію па жаданні смяротна хворых людзей.

Вярхоўны суд краіны прызнаў забарону на эўтаназію неканстытуцыйнай у лютым 2015 года.

Такім чынам, Канада стала адной з нямногіх краін у свеце, дзе эўтаназія дазволеная.

Пры гэтым крытыкі новага закона называюць яго занадта строгім.

Парламентарыі адхілілі папраўку, якая дазваляе эўтаназію канадцам, чые захворванні не з'яўляюцца смяротнымі. Так, да эўтаназіі не змогуць звярнуцца людзі з дэгенератыўнымі захворваннямі — напрыклад, множным склерозам.

Скарыстацца правам на эўтаназію ў краіне змогуць толькі яе грамадзяне. Такім чынам дэпутаты парламента хацелі абмежаваць так званы «смяротны турызм», калі грамадзяне іншых краін, дзе эўтаназія пад забаронай, маглі б атрымаць такога роду паслугі на тэрыторыі Канады.

Згодна з дакументам, добраахвотна пайсці з жыцця пры дапамозе дактароў змогуць толькі псіхічна здаровыя людзі старэйшыя за 18 гадоў, якія пакутуюць на невылечныя хваробы або атрымалі такія калецтвы, ад якіх немінуча прыйдзе смерць.

Закон таксама адмяніў крымінальны пераслед дактароў, якія праводзяць эўтаназію.

Эўтаназія была легальная з 2014 года, але толькі ў правінцыі Квебек, у іншых рэгіёнах — забароненая. Вярхоўны суд Канады абавязаў урад да 6 чэрвеня ўнесці неабходныя змены ў заканадаўства, каб легалізаваць яе, але парламент не паспеў прыняць неабходныя рашэнні да гэтага часу, стварыўшы юрыдычны прабел, калі дэ-факта эўтаназія ва ўсёй Канадзе ўжо законная, але не ўрэгуляваная заканадаўча.

У цяперашні час эўтаназія дазволеная толькі ў некалькіх краінах (Нідэрланды, Бельгія, Люксембург, Швейцарыя), а таксама ў некаторых штатах ЗША.

Таксама ў шэрагу дзяржаў дазволеная пасіўная эўтаназія, пры якой медыцынская дапамога для сыходу з жыцця не аказваецца, але спыняецца барацьба за жыццё пацыента.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?