Актывістаў анархічнага руху, якіх 13 чэрвеня затрымалі па падазрэнні ва ўдзеле ў акцыі супраць прапаганды Беларускага тэлебачання, 16 чэрвеня адпусцілі на волю. Цяпер яны знаходзяцца ў статусе падазраваных па справе, заведзенай па ч.2 арт.339 Крымінальнага кодэкса «Хуліганства, здзейсненае паўторна, альбо групай асобаў». Адна з актывістак, якая прасіла не называць свайго імя, распавяла «Нашай Ніве» падрабязнасці затрымання і свайго знаходжання за кратамі:

9 чэрвеня анархісты закідалі лямпачкамі «прамога дзеяння» будынак «Белтэлерадыёкампаніі». Гэтай акцыяй яны выступілі «супраць прапаганды з боку дзяржавы, якая кожны дзень транслюецца з экранаў тэлевізараў, выліваецца на грамадства праз радыёпрымачы»

9 чэрвеня анархісты закідалі лямпачкамі «прамога дзеяння» будынак «Белтэлерадыёкампаніі». Гэтай акцыяй яны выступілі «супраць прапаганды з боку дзяржавы, якая кожны дзень транслюецца з экранаў тэлевізараў, выліваецца на грамадства праз радыёпрымачы»

«Мяне затрымалі каля станцыі метро Партызанская. У гэты момант я размаўляла з маці і ўжо падыходзіла да пераходу ў метро, да мяне ззаду падбеглі некалькі чалавек і схапілі пад рукі. Я пачала супраціўляцца і крычаць, яны тут жа паказалі мне міліцэйскія пасведчанні і пацягнулі да машыны. Людзям, якія звярталі на нас увагу, яны таксама паказвалі дакументы і загадвалі не ўмешвацца. Як толькі яны мяне пасадзілі ў аўтамабіль, то пачалі пытацца, з якой кватэры я толькі што выйшла, і нешта пра наркотыкі. Я сказала, што да ніякіх наркотыкаў я не датычная і што яны памыліліся.

Пасля маіх слоў павярнуўся кіроўца і сказаў сваім напарнікам, каб яны не разыгрывалі камедыю і сказалі, за што мяне затрымалі. Пасля гэтых слоў мне паведамілі, што я затрыманая па падазрэнні ў закідаванні фарбай БТ. Затрымлівалі мяне супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю (ГУБАЗ), адзін з якіх гэта аператыўны супрацоўнік, які вёў «справу графіцістаў» і «справу антыфашыстаў» Луневіч Ігар Паўлавіч, другі — Лявонаў Дзмітрый Леанідавіч. Дадзеныя трэцяга чалавека я не ведаю, але ён прыходзіў да мяне на Акрэсціна для гутаркі. Я праходжу як падазраваная па артыкуле 339 частка 2 «Злоснае хуліганства, учыненае групай асоб».

Пасля затрымання мяне павезлі ў маю кватэру на ператрус. Пасля ператрусу мы паехалі ў ГУБАЗ, пасля мяне адвезлі ў РУУС, дзе я прабыла суткі.

У РУУС былі самыя жудасныя ўмовы, лаўкі там каменныя, і ў калідоры заўсёды адчынены дзверы, праз якую выводзяць і заводзяць зняволеных на этап. Было вельмі холадна ў камеры, я ратавалася тым, што падкладала лісцікі па сваёй справе і спрабавала на іх спаць. У выніку, я даведалася, што магу змяшчацца на пяці аркушыках паперы А4.

Там мяне наведвалі толькі адны думкі — хутчэй бы адвезлі на Акрэсціна, там цяплей і ёсць коўдра. У РУУС не кармілі, больш за суткі выпала пабыць галоднай. У аўторак ноччу мяне адвезлі на Акрэсціна, там давялося тырчэць некалькі гадзін у «шклянцы », пакуль прынялі ўсіх затрыманых. Умовы ў параўнанні з Першамайскім РУУС добрыя.

У сераду да мяне прыходзіў прадстаўнікі ГУБАЗ на размову, і ўжо ў чацвер вечарам мяне адпусцілі.

Мяне затрымлівалі да гэтага па адміністрацыйных справах. Максімум, што было да гэтага, гэта праведзеная ноч на Акрэсціна падчас прэзідэнцкіх выбараў.

Нейкіх прамых пагроз не было. Гэта хутчэй была гульня. Такое ўражанне, што аператыўнікаў забаўляе тое, што яны могуць пасадзіць чалавека у турму на некалькі год. Мне казалі, што пакуль я тут гуляю ў партызанку, іншыя мяне здадуць і г.д.

Адзіная сілавая форма гвалту была пасля маёй спробы ўцёкаў, калі я падчас ператрусу выбегла з уласнай кватэры і паспела прабегчы некалькі паверхаў, пакуль мяне не схапілі аператыўнікі.

Я была гатовая, што падоўжаць затрыманне і этапуюць у Жодзіна. І калі следчы намякнуў мне, што сёння мяне адпусцяць, гэта была вельмі радасная вестка. Але я ўсё ж была здзіўленая. У нашай краіне лепш заўсёды рыхтавацца да горшага, нават калі ты не рабіў ніякіх злачынстваў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?