Пра выпадак у Смаргонскім раёне паведаміла прэс-служба Следчага камітэта.

Днём 17 чэрвеня ў Смаргонскі РАУС звярнулася жанчына, якая паведаміла, што знік яе 56-гадовы брат, жыхар Мінска, індывідуальны прадпрымальнік, які мог знаходзіцца ў ягоным доме ў вёсцы Старыя Баруны.

Следча-аператыўная група падчас вышуковых мерапрыемстваў знайшла ў лесе за некалькі кіламетраў ад вёскі аўтамабіль зніклага. Пасля гэтага быў агледжаны і дом у Старых Барунах. Унутры яго знаходзілася цела зніклага са слядамі гвалтоўнай смерці.

Па факце забойства Смаргонскім раённым аддзелам Следчага камітэта была заведзена крымінальная справа (ч.1 арт. 139 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).

Супрацоўнікі міліцыі і эксперты атрымалі доказы, якія паказваюць на дачыненне да забойства 21-гадовага сына загінулага, з якім бацька знаходзіўся ў напружаных адносінах.

Падазраваны быў затрыманы ў Мінску. У ходзе допыту ён прызнаўся ў злачынстве. Растлумачыў, што першапачаткова забойства не планаваў. Меў намер толькі скрасці ў бацькі грошы, мяркуючы, што той возіць з сабой буйную суму ў валюце.

Да крадзяжу рыхтаваўся старанна, у Смаргонскі раён з Мінска дабіраўся на спадарожным транспарце, з сабой браў зменную вопратку і пальчаткі. У незамкнёны дом зайшоў каля апоўначы 5 чэрвеня, разлічваючы, што бацька спіць. Аднак пачуўшы шум, бацька выйшаў яму насустрач.

Спалохаўшыся наступстваў, сын схапіў сякеру, што была ў хаце, і нанёс яе абухом каля двух дзясяткаў удараў па галаве бацьку. Скраў каля 900 даляраў ЗША, 300 еўра і каля аднаго мільёна рублёў.

Разлічваючы на большае, на машыне бацькі з'ездзіў у Мінск, дзе абшукаў жыллё. Не выявіўшы іншых грошай, адагнаў машыну назад да вёскі і пакінуў у месцы, дзе яе пасля выявілі праваахоўныя органы.

Пазбаўляючыся ад доказаў, сваю зменную вопратку спаліў, сякеру выкінуў і зноў на спадарожных машынах вярнуўся ў сталіцу. Хавацца не стаў, каб пазбегнуць падазрэнняў.

Следчыя працягваюць высвятляць абставіны злачынства, вывучаюць асобу падазраванага. Раней да крымінальнай адказнасці ён не прыцягваўся, не працуе і не вучыцца. У момант здзяйснення злачынства быў цвярозы. З санкцыі пракурора да яго ўжытая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0