10 ліпеня ў парафіі Святой Тройцы ў Радашковічах адбудзецца «Купалаў фэст», на які запрашаюцца ўсе, хто любіць, шануе і штораз нанова адкрывае асобу і творчасць Янкі Купалы.
У мінулым годзе ў касцёле ў Радашковічах збіраліся з нагоды хросту паэта, а ў гэтым свята прымеркавана да 100-годдзя вянчання Янкі Купалы і Уладзіславы Станкевіч.
У сувязі з тым, што будзе прыгадвацца вяселле паэта, усім гасцям прапаноўваецца быць адпаведна апранутымі, як і запрошаным на вяселле: жанчынам — у доўгіх сукенках, мужчынам — з гальштукам ці бабачкай.
Для тых, хто будзе апрануты адпаведна дрэс-коду — прывілеі ад арганізатараў.
Праграма свята:
10.00 – 11.00 – святая Імша ў касцёле Cвятой Тройцы
11.10 – 11.30 – мультымедыйная прэзентацыя «Ісці супольна праз усё жыццё» да 100-годдзя вянчання Янкі Купалы і Уладзіславы Станкевіч
11.30 – 12.00 – «Чытаем Купалу разам»: чытанне ўсімі жадаючымі вершаў Янкі Купалы пра каханне
12.00 –12.30 – віктарына «Ці ведаеш гэта пра Купалу?»
12.30 – 12.45 – перапынак на гарбату і каравай
12. 45 – 13.45 – канцэрт (цымбалы, «Балцкі субстрат», Алесь Камоцкі, Андрусь Такінданг, Арцём Сітнікаў і інш.)
13.45 –15.00 – крыжаванка «Беларускае вяселле» і заключны акорд — майстар-клас па народных вясельных танцах
15.00 – малітва на завяршэнне ў касцёле