200 беларусаў змогуць атрымаць шэнгенскія візы, каб патрапіць на фестываль беларускай музыкі «Басовішча», што пройдзе 22-23 ліпеня ў мястэчку Гарадок недалёка ад польска-беларускай мяжы.
Жадаючыя атрымаць візу павінны да 24 чэрвеня даслаць заяўку на пошту [email protected]. Асобы да 25-ці гадоў будуць вызваленыя ад консульскага збору, астатнія заплацяць толькі палову кошту — 30 еўра.
Да мэйла трэба далучыць наступную інфармацыю:
1. Імя і прозвішча
2. Дата нараджэння
3. Адрас
4. Кантактны нумар
5. Нумар пашпарта
6. Дата выдачы і тэрмін дзеяння пашпарта
Апроч таго, арганізатары фэсту аб'явілі чарговых удзельнікаў: да вядомых ужо «Крамбамбулі» і сербскай каманды Erik & the Worldly Savages далучаюцца Brutto, Dzieciuki, іх калегі з Кракава Нańba, якія граюць музыку міжваеннага перыяду, а таксама Navi. Заяўлены раней Askiepak адмовіўся ад удзелу ў фэсце з-за змены планаў.