Апазіцыйныя дэмакратычныя арганізацыі Беларусі 21 чэрвеня завяршылі працэс падпісання пагаднення аб каардынацыі сваёй дзейнасці падчас падрыхтоўкі і правядзення выбарчай кампаніі 2016 года.

Пагадненне было падпісанае ў межах пастаянна дзейнага кансультатыўнага савета прадстаўнікамі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», руху «За Свабоду», руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць», руху салідарнасці «Разам», незалежнага прафсаюза РЭП, аргкамітэтаў па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), Партыі працоўных, Партыі жанчын «Надзея», Партыі свабоды і прагрэсу.

Дакумент прадугледжвае прыняцце сумеснай заявы з прапановамі Цэнтрвыбаркаму аб павышэнні празрыстасці выбарчага працэсу, фармавання камісій і падліку галасоў.

Бакі дамовіліся распрацаваць сумесную частку паслання выбаршчыкам, узгадніць вылучэнне прадстаўнікоў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі.

Пагадненне рэкамендуе прадстаўнікам апазіцыйных дэмакратычных арганізацый праводзіць сумесныя пікеты па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты, сумесныя сустрэчы з выбаршчыкамі, а таксама ўзгадняць назіранне за падлікам галасоў.

Акрамя таго, пагадненне прадугледжвае падрыхтоўку сумесных акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў падчас і пасля выбарчай кампаніі. Пры гэтым бакі ўзгадняюць мэты, фарматы і планы акцый пратэсту, публічна прадстаўляюць узгодненыя планы акцый не пазней чым за тыдзень да іх правядзення.

«Гэта максімальна, на што здольны пайсці сёння апазіцыйны рух у сумесных дзеяннях падчас выбарчай кампаніі», — заявіў лідар аргкамітэта па стварэнні Партыі працоўных Аляксандр Бухвостаў.

Былы палітвязень Мікалай Статкевіч, які таксама падпісаў пагадненне, назваў гэты дакумент «досыць сціплай» формай каардынацыі. «Гэта і зразумела, бо кансультатыўны савет — гэта пляцоўка больш для дыялогу. Але тым не менш, ёсць і канкрэтныя важныя рашэнні, у прыватнасці што тычыцца рэакцыі на магчымыя фальсіфікацыі», — адзначыў палітык.

Партыя БНФ падпісваць пагадненне адмовілася, прыняўшы адпаведнае рашэнне на пасяджэнні сойма 18 чэрвеня. «Падпісваць нейкія сумесныя праграмы, платформы мы не збіраемся, нам гэта абсалютна нецікава. Гэта слаба ў параўнанні з нашай перадвыбарнай платформай», — заявіў лідар партыі Аляксей Янукевіч. Ён назваў дакумент «псеўдааб'яднаўчай ініцыятывай».

Парламенцкія выбары ў Беларусі пройдуць 11 верасня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?