Супрацоўнікі Дзяржаўнай памежнай службы Літвы затрымалі трох беларускіх кантрабандыстаў. Праз балота тыя спрабавалі пераправіць у суседнюю краіну 6 тысяч пачкаў цыгарэт на агульную суму каля 16 тысяч еўра. Каб затрымаць парушальнікаў, прыйшлося адкрыць папераджальны агонь, паведамляе Дзяржпамежслужба Літвы.

Тут і ніжэй фота: pasienis.lt

Інцыдэнт адбыўся ў Швянчонскім раёне Літвы, прыкладна ў 3 кіламетрах ад мяжы з Беларуссю — памежнікі знайшлі пратаптаныя свежыя сцежкі ў балоцістай мясцовасці.

Неўзабаве памежнікі выйшлі на кампанію з трох мужчын, якія паспрабавалі ўцячы. Каб іх спыніць, было зроблена 6 папераджальных стрэлаў у паветра. Адзін напалоханы кантрабандыст здаўся, яшчэ двое спрабавалі збегчы. Іх пазней знайшлі пры дапамозе службовай аўчаркі.

Затрыманыя — трое грамадзян Беларусі ва ўзросце 29, 30 і 47 гадоў. На месцы здарэння знойдзена 12 скруткаў з 6 тысячамі пачкаў цыгарэт марак «Фэст», «Фэст 7», «NZ Gold Super Slim» і «Мінск». Тавар адзначаны беларускімі акцызамі.

Пра інцыдэнт ужо паінфармаваны беларускі бок. Па факце незаконнага перасячэння мяжы і ўвозу акцызных тавараў распачатае расследаванне. Мужчыны ўзятыя пад варту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?