Банкаўскі працэсінгавы цэнтр павысіў бяспеку безнаяўных разлікаў. Цяпер сумніўныя аперацыі з выкарыстаннем банкаўскай карткі адразу будуць блакавацца, і ашуканцы не змогуць зняць грошы або здзейсніць аплату, паведамляецца на сайце арганізацыі.

З чэрвеня гэтага года БПЦ выкарыстоўвае праграмны модуль Fraud Prevention, які дазваляе апярэджваць дзеянні ашуканцаў і блакаваць сумніўныя аперацыі з выкарыстаннем банкаўскіх картак у момант іх здзяйснення.

«Новае тэхналагічнае рашэнне забяспечвае правядзенне анлайн-аналізу і адмову ў аўтарызацыі непасрэдна ў момант яе правядзення для тых аперацый, узровень небяспекі якіх перавышае дапушчальны», — падкрэсліваюць спецыялісты цэнтра.

Fraud Prevention дае магчымасць аналізаваць паводзіны трымальніка карткі ў момант правядзення аперацыі і ў адпаведнасці з апісаным алгарытмам ажыццяўляць адмову ў правядзенні аперацыі.

«Алгарытм праверкі для кожнага тыпу аперацый наладжваецца на падставе аналізу статыстычных дадзеных, а таксама ў адпаведнасці з бізнэс-задачамі банкаў, якія карыстаюцца нашымі паслугамі», — заяўляюць у БПЦ.

Па словах кіраўніка кантакт-цэнтра Беларусбанка Андрэя Корбута, гэтая сістэма аналізуе логіку паводзін кліента: якія плацяжы ён робіць, дзе гэта звычайна адбываецца. «На аснове гэтага выбудоўваецца профіль, па якім сочаць за колькасцю плацяжоў, іх памерам і гэтак далей, — тлумачыць спецыяліст. — І калі, напрыклад, замест рэдкіх буйных пакупак вы робіце дзясяткі дробных аперацый, то для сістэмы гэта паводзіны нестандартныя, і транзакцыю могуць заблакаваць».

Акрамя таго, ёсць паняцце нядобранадзейных краін. Гаворка ідзе пра дзяржавы, дзе часцей за ўсё людзі становяцца ахвярамі махляроў. «Скажам, калі вы расплачваліся карткай увесь час у Беларусі, а потым яна рэзка з'явілася ў такой краіне, то аперацыю таксама заблакуюць. Гэта значыць, ашуканцы не атрымаюць вашых грошай», — кажа Андрэй Корбут.

Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY

Да гэтага БПЦ працаваў па-іншаму. Сістэма «пазначала» падобныя аперацыі як «дзіўныя» і потым прапаноўвала супрацоўнікам праверыць іх. Прынцыповае адрозненне ў тым, што аперацыю не забаранялі і грошы з карткі сыходзілі. Гэта значыць, у выпадку махлярства трэба было потым неяк гэтыя грошы вяртаць. Цяпер сістэма не будзе дазваляць такую нестандартную аперацыю, і грошы застануцца на картцы. Акрамя гэтага, у новай сістэме і тэхналогія аналізу больш эфектыўная.

Дарэчы, хутчэй за ўсё, таксама заблакуюць аперацыю і па раптоўным зняцці ўсіх наяўных з карткі, калі раней вы так не рабілі. Але гэта будзе залежаць ад налад сістэмы ў працы з кожным канкрэтным банкам.

Спецыялісты банкаўскага працэсінгавага цэнтра сцвярджаюць, што колькасць адмоў па законных аперацыях будзе мінімальнай, паколькі ўзровень аналізу вельмі высокі.

Калі ж вам усё ж такі заблакавалі нейкую аперацыю, то альбо супрацоўнікі банка з вамі звяжуцца, каб праверыць сапраўднасць гэтых дзеянняў, альбо вы самі павінны звязацца з банкам і пацвердзіць сумнеўную аперацыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?