Плюшч на будынку Прынстанскага ўніверсітэта, які стаў сімвалам найлепшай у свеце адукацыі. Фота ranker.com

Плюшч на будынку Прынстанскага ўніверсітэта, які стаў сімвалам найлепшай у свеце адукацыі. Фота ranker.com

Лічбавая эпоха, паводле распаўсюджанага меркавання, паставіла на мяжу знікнення шматлікія элементы культуры: з’яўленне тэлебачання абяцала канец тэатру, колькі гадоў такім жа чынам абмяркоўваецца лёс папяровых кніг у эпоху сеціва. Прыкладна тое самае пішуць пра ўніверсітэты – інтэрнэт і дыстанцыйнае навучанне ператвораць універсітэцкія аўдыторыі і гмахі ў архаіку.

Але пакуль грамадства будуецца на прынцыпах статусу і капіталу, універсітэты будуць існаваць і спаборнічаць паміж сабой. Прэстыжны ўніверсітэт (той, за навучанне ў якім людзі гатовыя плаціць больш) немагчымы без развітай сістэмы «лакальнага» гістарычнага ўяўлення. Аповеды-легенды, рытуалы і матэрыяльнае аздабленне ствараюць важную частку сімвалічнага капіталу ўніверсітэта.

Гэта могуць быць малазначныя рэчы, да прыкладу, нязменны цягам стагоддзяў парадак рассадкі студэнтаў за абедам як у Мертанскім каледжы Оксфарда ці пазаціраныя дзвярныя ручкі ў галоўным будынку Мюнхенскага ўніверсітэта. Між тым у абмеркаванні, як павінен выглядаць беларускі ўніверсітэт і як зрабіць БДУ канкурэнтам Гарварда, гэты момант зазвычай прапускаецца.

Як вынайсці традыцыю без традыцыі

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, заснаваны ў 1921-ым, як і большасць нашых вышэйшых вучэльняў не можа звярнуцца да нечага нязменнага цягам стагоддзяў. Аднак вынаходніцтва традыцыі – не анамалія, а натуральны працэс функцыянавання любой супольнасці, у тым ліку ўніверсітэцкай.

І гэты працэс ужо ідзе ў беларускіх ВНУ.

Гэтак у будынку рэктарата БДУ можна ўбачыць цытаты з Францішка Скарыны, а гістарычна-філалагічны факультэт Полацкага ўніверсітэта размяшчаецца ў мурах гістарычнай Полацкай акадэміі.

Праблемай застаецца абмежаванасць і прадказальнасць такіх пошукаў, звязаная як з даляглядам іх натхняльнікаў, так і з наяўнай «матэрыяльна-тэхнічнай базай». Паколькі гісторыя Беларусі – гэта не ўзаемазвязаная змена формаў арганізацыі жыцця, а серыя разрываў, пабудова аповедаў пра гісторыю ўніверсітэтаў істотна ўскладняецца. Полацкая акадэмія, першая ВНУ ў межах сучаснай Беларусі, існавала толькі восем гадоў. Пра Вацлава Іваноўскага, рэктара Беларускага педагагічнага інстытута, здаецца, не помніць ніхто.

Нішто не верне Мінску будынак езуіцкага калегіума на Пляцы Волі, які знішчылі камуністы.

Гэткая перарванасць гісторыі ў Беларусі – добра вядомая рэч, але яна можа творча выкарыстоўвацца ў фармаванні іміджу беларускага ўніверсітэта. Добрым прыкладам тут можа быць Усходняя Германія, дзе ў выніку камуністычнага панавання ўзровень старых універсітэтаў істотна ўпаў, а будынак Лейпцыгскага ўніверсітэта, заснаванага ў 1409-ым, падзяліў лёс Мінскага калегіума. У пачатку нашага стагоддзя Лейпцыгскі ўніверсітэт быў адбудаваны, але зусім не ў стылі саматужнай беларускай рэканструкцыі à la Няміга.

У сваю чаргу гэтая гісторыя стала неад’емнай часткай міфалогіі Alma mater Lipsiensis. Менавіта такія рэчы фармуюць «эмацыйную пераканаўчасць» універсітэта як супольнасці, дазваляюць яму прывабліваць студэнтаў як з бацькаўшчыны, так і з-за мяжы.

Карпарацыйная культура беларускіх універсітэтаў

Калі карпарацыя – гэта «садружнасць жывых і мёртвых», яна можа існаваць толькі праз інтэграцыю ў штодзённасць наратываў пра гісторыю ўніверсітэта. Уяўленая гісторыя ўніверсітэта – падмурак карпарацыйнай культуры, і яна «патрабуе клопату». Гэтая праблема непасрэдна датычыць і нефармальнай адукацыі. У гэтым сэнсе характэрныя прыклады ЕГУ і Беларускага калегіума, якія дагэтуль не стварылі ўласных міфалогіяў.

Напрыклад, амаль немагчыма знайсці адказ на пытанне: хто побач з Алесем Анціпенкам заснаваў Беларускі калегіум у 1997-ым. Наяўнасць на сайце ўстановы рубрыкі «Летапіс» не дапамагае – адтуль можна даведацца, бадай, толькі пра тое, што калегіум паўстаў «з любові і трывогі за краіну».

Гэта прыгожа, але трагічна мала.

Падаецца, менавіта таму Максім Жбанкоў мог бесклапотна пакінуць Беларускі калегіум. «Гэта ўжо не мая гісторыя» – калегіум увогуле не мае гісторыі.

Тое ж датычыць ЕГУ. Гісторыя ўніверсітэта склалася толькі на ўзроўні брэнду ўніверсітэта на выгнанні, які выкарыстоўваўся хутчэй як бізнэс-інструмент. Нейкіх славутых унутраных рытуалаў галоўная беларуская інавацыйная ВНУ не развіла. Тут яе дастаткова параўнаць з расійскімі ды ўкраінскімі аналагамі. Студэнты Кіева-Магілянскай акадэміі мыюць помнік Георгію Скаварадзе, у Еўрапейскім універсітэце Санкт-Пецярбурга штогод разгортваюць пажарны шланг як напамін аб спробе закрыцця гэтай установы ў 2008-м.

У гэтым сэнсе цікава, як будзе развівацца яшчэ малады Еўрапейскі каледж Liberal Arts у Беларусі (ECLAB). Але ўжо цяпер можна запытацца, якую ролю пры гэтым можа граць «нацыянальнае». Беларускі калегіум генетычна звязаны з нацыянальным Адраджэннем 1988–1995 гадоў, «еўрапейскі» ECLAB выглядае ад гэтай традыцыі адлучаным. Ці паўплывае гэта неяк на фармаванне адпаведных карпарацыяў ды іх укараненне ў часе і прасторы?

Пакуль жа беларускія арганізацыі болей думаюць пра адукацыйныя праграмы (што, безумоўна, добра), але не варта забываць, што ўніверсітэтам гэтаксама патрэбная пафасная гісторыя супольнасці, да якой хочацца далучыцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?