«Уласная зямля і хата падзелены, сям’я – разбурана» — жанчына ладзіць пікет на ўласным агародзе пад Мінскам
У рэдакцыю «НН» патэлефанала жанчына, якая распавяла, што ладзіць на ўласным агародзе пікет і павесіла расцяжку.
Мы прыехалі ў вёску Ляскоўка, што знаходзіцца ў сямі кіламетрах ад Мінску, ля Бараўлян. Вольга Аляксееўна — невысокая жвавая жанчына з сівымі валасамі — сустрэла нас словамі: «Слухайце, што ў нас адбываецца ў краіне, гэта нейкі жах!». Па дарозе распавядае, як толькі што ўцякла ад міліцыянта, які прыехаў здымаць расцяжку. Пакуль ён пайшоў за панятымі, Вольга схавала расцяжку і збегла праз агароды сустракаць нас.
Жанчына прывяла нас да вялікага двухпавярховага дома на ўскрайку вёскі. Дом падзелены фарбай на тры часткі. Каля дома — дзве брамкі. «Левая — мая», — падвяла нас да сваёй тэрыторыі Вольга.

Заходзім у вельмі маленькі пакой, які з’яўляецца вітальняй, кабінетам, гасцёўняй і спальняй адначасова. Вольга частуе нас клубніцамі са свайго агароду і пачынае распавядаць сваю сумную гісторыю:

«Мне 72 гады, я ўсё жыццё прапрацавала настаўнікам, цяпер працую ліфцёрам у бальніцы і на сваім агародзе вырошчваю лекавыя травы. Але за апошнія дзесяць год прыйшлося прайсці праз бясконцыя суды, псіхіятрычны агляд і іншыя жахі».

Вольга Аляксееўна мае дзвюх дачок — старэйшую Элеанору і малодшую Юлію. Ужо 10 гадоў яна судзіцца са сваёй старэйшай дачкой і былой жонкай мужа дачкі. Са слоў Вольгі, яе сям’я жыла ў трохпакаёвай кватэры ў Баранавічах. Калі старэйшая дачка Элеанора вучылася ў Мінску, яна прадала кватэру ў Баранавічах і набыла кватэру ў Мінску і ўчастак у Тарасаве (побач з Мінскам). Вольга ж са сваім мужам паехалі жыць у вёску Ганцавічы.
Элеанора выйшла замуж і разам з мужам пачала будаваць дом у вёсцы Мар’яліва, што побач з Бараўлянамі. Але пры будаўніцтве была закладзеная памылка, і Вольга Аляксееўна прыехала да дачкі, каб дапамагчы дабудаваць дом. Яна набывала будаўнічыя матэрыялы, давала грошы (сама тым часам прадала дом у Ганцавічах). Некаторы час Вольга жыла ў пабудаваным доме ў Мар’яліве. Дом праз нейкі час прадалі, і Вольга аказалася на вуліцы (у старэйшай дачкі засталася кватэра ў Мінску).
У 2003 годзе сумеснымі сіламі Вольга з малодшай дачкой пачалі будаваць дом у Ляскоўцы. Дабудаваўшы, яны сталі займацца мёдам і вырошчваць лекавыя травы на сваім участку. Вольга аформіла даверанасць на старэйшую дачку ў 2005-м годзе. Тым часам адносіны ў сям’і абвастрыліся.
Элеанора знайшла былую жонку свайго мужа і аб’ядналася з ёй. Разам яны адсудзілі 2/3 дома ў Ляскоўцы, на падставе таго, што муж таксама будаваў гэты дом.
Падчас судовых разглядаў старэйшая дачка спрабавала прызнаць маці псіхічна нездаровай, і Вользе прыйшлося прайсці агляд псіхічнага здароўя.
У выніку суд падзяліў дом на тры часткі.

Вольга цяпер атрымлівае тэхнічны пашпарт і збіраецца прадаць сваю частку, забыць гэтую гісторыю і з’ехаць. Гісторыя Вольгі амаль скончаная, але яна вырашыла вывесіць на сваім агародзе расцяжку «Уласная зямля і хата падзелены, сям’я – разбурана», для таго каб звярнуць увагу дзяржавы на свой выпадак.

Каментары