«Для таго каб наш народ быў культурным, ёсць усё», — заявіў Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні 22 чэрвеня ў Мінску на V Усебеларускім народным сходзе.

Паводле яго слоў, у год культуры праходзіць шмат мерапрыемстваў. «Для культуры зроблена нямала — і па рэканструкцыі, і па рэфармаванні. Для таго каб наш народ быў культурным, ёсць усё. Але трэба культурным работнікам варушыцца, быць больш ініцыятыўнымі, раскаваным i не глядзець увесь час у рот дзяржаве», — лічыць кіраўнік дзяржавы.

«Акцэнт трэба зрабіць як на маштабах і якасным баку нашай культурнай сферы, так і на павышэнні яе турыстычнай прывабнасці», — дадаў ён.

На думку Лукашэнкі, ствараныя творы літаратуры, музычнага, выяўленчага, тэатральнага і кінамастацтва «закліканы садзейнічаць фарміраванню каштоўнасцяў беларускага грамадства, адлюстроўваць духоўны вопыт нацыі». «Наша мэта — не самаізаляцыя, не процістаянне іншым культурам, а ўзаемадзеянне і ўзаемаабагачэнне. Падкрэсліваю, адметнымі рысамі культуры беларускага народа з'яўляюцца ўзаемная павага, непрыманне любых формаў міжнацыянальнай варожасці. Гэтыя прынцыпы мы падтрымлівалі і надалей будзем падтрымліваць», — запэўніў кіраўнік дзяржавы.

«Беларусь сёння — цытадэль традыцыйнай культуры і маралі. Так будзе заўсёды», — падкрэсліў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?