Стакгольмскі арбітраж, які разглядаў чатыры гады спрэчку Літвы і расійскага газавага канцэрна «Газпром» з нагоды пераплаты ў памеры 1,4 млрд еўра за пастаўлены Літве газ, не ўгледзеў віны расійскай кампаніі.

Пра гэта заявіў міністр энергетыкі Літвы Рокас Масюліс, паведамляе Delfi.

Гэта рашэнне азначае, што Літва не атрымае кампенсацыю за пераплаты ў 1,4 млрд еўра, якая сфармавалася ў 2004-2012 гады, калі «Газпром» пастаўляў газ Літве па завышанай цане.

«Стакгольмскі арбітраж не ўгледзеў парушэнняў у дзеяннях расійскага канцэрна», — заявіў Масюліс.

Паводле яго слоў, Літву расчаравала гэтае рашэнне, а арбітражныя выдаткі падзеленыя паміж абодвума бакамі — па паўмільёна еўра.

«У высновах арбітражу гаворыцца, што ні адзін з бакоў не даказаў сваіх патрабаванняў і не прадставіў дастаткова абгрунтаваных аргументаў. Гэта сведчыць аб тым, што справа вельмі складаная, і ні адзін з бакоў не змог абараніць свае пазіцыі», — сказаў Масюліс.

Міністр дадаў, што Літва ўжо дамаглася ўсіх стратэгічных мэтаў: рэфармавала газавы сектар, вярнула кантроль над трубаправодамі, пабудавала тэрмінал звадкаванага прыроднага газу, які падарваў манаполію «Газпрома» на рынку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0