Для васьмі каманд Еўра-2016 ужо скончыўся. Лічым ад канца – Украіна, Расія, Аўстрыя, Чэхія, Швецыя, Румынія, Албанія і Турцыя. Некаторыя з іх ледзь-ледзь не дацягнулі да 1/8 фіналу, іншыя ж зусім засмуцілі заўзятараў.

Але і сярод тых, хто працягвае барацьбу, ёсць каманды-расчараванні.

 

Украіна

Па шчырасці, ад Украіны не чакалі выбітных дасягненняў. З гульцоў каманды толькі Яўген Канаплянка выступае ў топ-чэмпіянаце (ён прадстаўнік іспанскай «Севільі»). Амаль усе іншыя футбалісты выкліканыя з чэмпіянату Украіны.

Але тры паражэнні ды яшчэ і ніводнага забітага гола… – гэта насамрэч перабор.

Зрэшты, калі б удалося перамагчы Паўночную Ірландыю – а ўкраінцы тады кантралявалі ход гульні, – каманда магла б праскочыць і ў 1/8 фіналу. Але атрымалася апошняе месца на Еўра-2016.

У дасягненні камандзе можна запісаць толькі палову першага тайма ў стартавым матчы з Германіяй. Пасля – суцэльны негатыў.

Галоўнае расчараванне

Трэнер зборнай Міхаіл Фаменка зрабіў стаўку на атакуючага паўабаронцу данецкага «Шахцёра» Віктара Каваленку. Але хлопцу толькі 20 гадоў, і ён не даў рады адказнасці. Найлепшыя гульні Каваленкі яшчэ наперадзе, а пакуль што ён занадта часта прымаў недарэчныя рашэнні ў атацы.

* * *

Расія

Верыць у поспех такой зборнай Расіі маглі толькі самі расейцы. Пасля сенсацыйнай (але зусім незаслужанай) нічыёй заўзятары прасякнуліся шапказакідальніцкімі настроямі. Славакія і Уэльс асадзілі расейцаў. 23-е месца з 24-х каманд – справядлівасць, а не выпадковасць.

Запомняцца Еўропе толькі паводзіны цэнтралізавана завезеных у Францыю расійскіх фанатаў. Панылы сорам, іначай і не скажаш.

Галоўнае расчараванне

Зборная гуляла не ў наймацнейшым складзе. Траўмаваны Алан Дзагоеў, пасварыўся з трэнерам Юрый Жыркоў… Але нават магчымасці тых футбалістаў, што былі ў заяўцы, трэнер Леанід Слуцкі не здолеў выкарыстаць на полі. Тры нападаючыя – Какорын, Дзюба і Смолаў – гулялі адначасова і, падавалася, перашкаджалі адзін аднаму. А ўзмацняць атаку не было кім. Калі ж Слуцкі пад ціскам заўзятараў памяняў перад апошняй гульнёй цэнтр паўабароны, каманда развалілася канчаткова.

* * *

Швецыя

Златан Ібрагімавіч лічыць сябе найлепшым футбалістам свету. Але прадэманстраваць свой статус на Еўра-2016 яму не ўдалося. Сваю кар’еру ў зборнай Швецыі ён сканчвае на мінорнай ноце. Ад Ібрагімавіча шмат чаго чакалі, але спадзяванняў ён не апраўдаў. Заслужанае званне «расчаравання каманды» дастаецца яму.

За першыя два матчы Швецыя ні разу не прабіла ў вароты супернікаў. Ні разу! І толькі шчаслівы выпадак – ірландцы забілі самі сабе – да апошняга пакідаў шведам шанцы на выхад з групы.

Матч з бельгійцамі мог прымусіць забыцца пра старыя няўдачы. Але і тут Швецыя выглядала слабой. У атаках каманда па-ранейшаму арыентавалася толькі на Ібрагімавіча. Ягоны аўтарытэт пахаваў спадзяванні скандынаваў.

* * *

Партугалія

Зборная са скрыпам прабілася ў 1/8 фіналу і можа пазмагацца аж за медалі дзякуючы не самым складаным супернікам наперадзе. Але ў любым разе для Партугаліі, якая лічыць сябе грандам еўрапейскага футбола, тры нічыі з Ісландыяй, Аўстрыяй і Венгрыяй – гэта ганьба.

За групавы раўнд партугальцы нанеслі гіганцкую колькасць удараў – ажно 70! Але да галоў прывялі толькі чатыры з іх. Партугалія занадта залежыць ад Крышціяну Раналду. І таму толькі ад яго залежыць, наколькі далёка забярэцца зборная па турнірнай лесвіцы.

* * *

Англія

Каманда прайшла ў 1/8, ні разу не прайграла, прапусціла толькі два галы, няўжо гэтага мала? Так, мала, бо ад Англіі, як аднаго з фаварытаў Еўра, чакалі значна большага. І перадусім яркай атакуючай гульні. Здавалася, маладая хуткая каманда магла размазваць суперніка. А ў выніку дзве нічыі супраць Расіі і Славакіі, а таксама перамога на апошняй хвіліне ў матчы з Уэльсам.

Праз сваю няўпэўненасць (ну і не шанцаванне, скажам шчыра) англічане адкаціліся на другое месца ў групе. І пасля чаканай перамогі ў 1/8 фіналу над Ісландыяй іх могуць чакаць па чарзе гаспадары-французы, а пасля немцы ці іспанцы.

Галоўнае расчараванне

Нападаючага «Татэнхэма» Гары Кейна букмекеры называлі адным з самых імаверных кандыдатаў на званне найлепшага бамбардзіра Еўра.

Поўны матч з Расіяй, першы тайм з Уэльсам і 15 хвілін са Славакіяй – і ўсё без забітых галоў. Вось ланцужок, які выкінуў Кейна са стартавага складу зборнай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?