Фота Ігара Матвеева, Tut.by
Былы кіраўнік Нацбанка Пятро Пракаповіч упэўнены, што дэнамінацыя вырашыць многія праблемы, у тым ліку ўмацуе нацыянальную валюту. Нагадаем, Пракаповіч праводзіў папярэднюю дэнамінацыю ў 2000 годзе.
— Мы атрымліваем моцны беларускі рубель. Пасля дэнамінацыі беларускі рубель будзе больш чым у 32 разы даражэй за расійскі рубель. Вы прыйдзеце ў абменны пункт і за адзін беларускі рубель і атрымаеце 32—35 расійскіх рублёў. А цяпер жа ўсё наадварот, — тлумачыць Пятро Пятровіч. — І тое ж самае, калі параўнаць курс нашага рубля да іншых валют. Нашы два рублі —гэта будзе адзін даляр з 1-га ліпеня (пасля дэнамінацыі). Наша валюта будзе самая моцная сярод нашых суседзяў — Украіны, Расіі…
Цэны ж на тавары і паслугі, на думку Пятра Пракаповіча, з-за дэнамінацыі не вырастуць.
— Дэнамінацыя — гэта тэхнічнае пытанне. Рэальная пакупніцкая здольнасць грошай не зменіцца, — сказаў экс-кіраўнік Нацбанка. — Дэнамінацыя не можа служыць падставай для павышэння цэнаў.
Пятро Пракаповіч прызнаўся, што пакуль не абзавёўся спецыяльным кашальком для манет.
— У мяне было прыкладна 90-95% выдаткаў праз картку, — удакладніў ён і дадаў, што калі «на рынак не хадзіць і ў таксі не ездзіць», то наяўныя могуць і не спатрэбіцца.