Матацыкліст з пасажыркай на спартбайку Honda без нумароў не падпарадкаваўся патрабаванню ДАІ спыніцца і вырашыў схавацца ад патрульнай машыны. Яму гэта не ўдалося.

Экіпаж ДАІ ехаў па Партызанскім праспекце ў Менску, калі інспектары заўважылі матацыкл без рэгістрацыйных знакаў і запатрабавалі ў кіроўцы спыніцца.

— Але ён дадаў хуткасць і пачаў хавацца, — распавялі ў ДАІ Заводскага раёна Мінска. — З Партызанскага праспекта матацыкліст павярнуў на Сяліцкага, потым у вёску Вялікі Трасцянец.

Патрульная машына пераследвала парушальніка з мігцелкамі і сірэнай, інспектары неаднаразова па гучнагаварыцелі патрабавалі ў матацыкліста спыніцца. Калі байк паехаў па бездаражы, кіроўца не здолеў утрымаць яго і матацыкл зваліўся на бок. Толькі тады гоншчыка ўдалося затрымаць.

— Парушальнікам аказаўся 19-гадовы студэнт — другакурснік аднаго са сталічных ВНУ. Ён растлумачыў, што не спыняўся, бо баяўся адказнасці, паколькі правы кіроўцы ў яго толькі катэгорыі «В». Матацыкл зарэгістраваны, але нумары байкер не вешае свядома — каб беспакарана хавацца ад ДАІ.

На маладога чалавека складзены пратаколы па шасці артыкулах КаАП.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?