Брэнту 36 гадоў, ён родам са штата Індыяна. У Гродне ўраджэнец заакіянскай краіны апынуўся дзякуючы каханню і ані трошкі не шкадуе. Да прыезду ў Беларусь Брэнт нічога не ведаў пра гэту краіну, але праз год асвоіўся, знайшоў працу і нават трапіў у гарадзенскую каманду па амерыканскім футболе.

«Калі прыляціць бацька, то пакажу яму Фарны касцёл і Каложу»

Каб даказаць каханне да сваёй любай, Брэнт у 2015 годзе прыляцеў у Гродна на вучобу ў летняй школе рускай мовы ГрДУ. Менавіта ў Беларусі амерыканец зрабіў прапанову сваёй дзяўчыне. Неўзабаве маладыя пажаніліся.

«Калі мы даведаліся, што ў нас будзе дзіця, мы доўга вырашалі, дзе будзем жыць. У нас быў выбар: калі не спадабаецца ў Беларусі, паедзем у Штаты. Але з часам аказалася, што ў Беларусі лепш, чым я чакаў. Можна сказаць, я палюбіў Гродна».

Вялікую ролю ў выбары месца пражывання мелі ўмовы дэкрэтнага адпачынку: у Штатах жанчына вяртаецца на працу праз шэсць тыдняў пасля родаў, у Беларусі ж можа даглядаць дзіця нават тры гады. А для Брэнта галоўнае было, каб яго дзіця больш часу праводзіла з мацi.

Тут і ніжэй фота — з асабістага архіва Брэнта

Тут і ніжэй фота — з асабістага архіва Брэнта

«Мне спадабаўся Гродна, бо тут шмат гісторыі. Гарады ЗША зусім маладыя, там няма таго, што ёсць у Гродне. Хутка да нас у госці прыляціць мой бацька, я яму пакажу ў першую чаргу Фарны касцёл, Каложу, таксама мы паедзем у Мірскі і Нясвіжскі замкі».

«У параўнанні са Штатамі Беларусь вельмі танная краіна»

Брэнт кажа, што большасць людзей у Амерыцы нават і не ведае пра Беларусь як асобную краіну. Многія думаюць, што гэта горад у Расіі. Але, пажыўшы ў Гродне, Брэнт пераканаўся, што Беларусь — цалкам асобная і стабільная краіна, якая яму падабаецца.

«У параўнанні са Штатамі, Беларусь вельмі танная краіна. Я працую ў Гродне менеджарам па продажах і маркетынгу і атрымліваю менш грошай, чым у Амерыцы, але жыву лепшым жыццём».

Брэнт імкнецца часта бегаць па маляўнічых мясцінах Гродна. Адно з любімых яго месцаў — Нёман. Для амерыканца, які жыве ў Гродне ўжо год, самае дзіўнае тое, што на вуліцы ніхто яму не ўсміхаецца ў адказ і не кажа «прывітанне», як гэта прынята рабіць за акіянам.

«Ты лепшы за нашага кватэрбэка, далучайся»

«Многія ўяўляюць амерыканцаў тоўстымі і лянівымі, але мне падабаецца ламаць гэтыя стэрэатыпы: я сапраўдны амерыканец і я люблю спорт».

Брэнт не толькі бегае раніцай. Пасля пераезду ў Гродна ён стаў членам аматарскай каманды па баскетболе, а потым наогул трапіў у каманду па амерыканскім футболе.

Брэнт і галоўны трэнер «Варвараў» Аляксей Серабракоў

Брэнт і галоўны трэнер «Варвараў» Аляксей Серабракоў

Знаёмства Брэнта з «Варварамi» прайшло на Фестывалі нацыянальных культур. Амерыканец далучыўся да футбалістаў і паказаў, што ўмее добра пасаваць. Тады яму сказалі: «Брэнт, ты лепшы за нашага кватэрбэка, далучайся».

«Калі я вучыўся ў школе, то гуляў за школьную каманду і быў там прымаючым. Узровень беларускіх каманд — такі ж як у добрых каманд у старэйшай школе ЗША. Але вось узровень каледжа ўжо нашмат вышэйшы».

Амерыканец у дэбютным матчы супраць віцебскіх «Рысяў» 

Амерыканец у дэбютным матчы супраць віцебскіх «Рысяў» 

Брэнт лічыць, што гарадзенскай камандзе ёсць да чаго імкнуцца, і ён паспрабуе ім у гэтым дапамагчы.

За «Варвараў» амерыканец правёў ужо гульню. Тады гарадзенцы прайгралі лідару чэмпіянату — «Рысям». Брэнт не хвалюецца з-за няўдалага дэбюту і ўжо з нецярплівасцю чакае чарговай гульні, дзе ён зможа вярнуцца ў свае школьныя гады і паказаць, на што здольны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?