Міністэрства замежных спраў Украіны звярнулася з нотай, у якой выказала занепакоенасць з нагоды таго, што народнаму дэпутату Ігару Гузю неабгрунтавана забаранілі ўезд у Беларусь.
Пра гэта гаворыцца ў адказе з Міністэрства на запыт Ігара Гузя.
«…Паведамляем, што ў Пасольства Рэспублікі Беларусь ва Украіне была накіравана нота, у якой выказана занепакоенасць фактам неабгрунтаванай забароны ўезду народнага дэпутата Украіны ў Беларусь», — гаворыцца ў адказе МЗС.
Нагадаем, 25 красавіка Ігара Гузя спынілі на пункце пропуску «Дольск-Махро» і паведамілі, што па запыце Расійскай Федэрацыі Беларусь забараніла яму ўезд на сваю тэрыторыю. Любыя дакументы, якія б пацвярджалі гэта, прадстаўнікі пагранічнага ведамства Беларусі і КДБ паказаць адмовіліся.
Асноўнай мэтай паездкі Ігара Гузя была сустрэча з сем'ямі беларускіх добраахвотнікаў, якія ўдзельнічалі ў вайне з Расіяй на баку Украіны, а цяпер падвяргаюцца пераследу ў Беларусі.
Адзначым, што Ігар Гузь працягвае настойваць на ўвядзенні ва Украіне мараторыю на выдачу замежных добраахвотнікаў, якія ваявалі на баку Украіны, калі іх пераследуюць на радзіме.