Сёння ў Лондане адбылося лёсаванне 130-га па ліку Уімблдонскага тэніснага турніру.

Аляксандра Сасновіч

У першым раўндзе жаночага адзіночнага разраду беларуска Аляксандра Сасновіч (98-ы нумар сусветнага рэйтынгу) сустрэнецца з прадстаўніцай Францыі Крысцінай Младзенавіч (33). Для 22-гадовай мінчанкі гэта толькі другі Уімблдонскі турнір, год таму Сасновіч зачахліла ракетку пасля паядынку другога раўнда.

Саперніцай Вольгі Гаварцовай (113) будзе іспанская тэнісістка Лара Аруабарэна (87). Для 27-гадовай Гаварцовай цяперашні Уімблдон стане 10-м у кар'еры. У мінулым годзе Вольга здолела дабрацца да 4-га раўнда, што з'яўляецца яе лепшым вынікам за ўвесь час выступленняў на ўсіх турнірах «Вялікага шлема».

Найлепшая беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка, якая займае 6-е месца ў сусветным рэйтынгу, напярэдадні аб'явіла, што не зможа выйсці на травяныя корты Усеанглійскага лаўн-тэніснага клуба з-за траўмы калена.

У мужчынскім парным разрадзе беларуска-філіпінскі тандэм Максім Мірны / Трэт Х'юі, пасеяны пад 12-м нумарам, пачне выступленне матчам з іспанскім дуэтам Пабла Карэнья Буста / Гільерма Гарсія-Лопес. Максім Мірны, якому 6 ліпеня споўніцца 39 гадоў, 20-ы раз згуляе ва Уімблдоне. Лепшым рэзультатам з'яўляецца выхад у фінал-2003 разам з індыйскім тэнісістам Махешам Бхупаці. У 1998 годзе Максім Мірны і амерыканка Серэна Уільямс выйгралі спаборніцтвы змешаных пар. У гэтай жа намінацыі на траве Уімблдона Максім Мірны разам з Вікторыяй Азаранка стаў алімпійскім чэмпіёнам-2012.

Матчы асноўнай сеткі турніру стартуюць у панядзелак, 27 чэрвеня. У гэтым годзе агульны прызавы фонд Уімблдонскага турніру складзе 28 млн 100 тыс. фунтаў стэрлінгаў. Чэмпіёны ў адзіночных разрадах у мужчын і жанчын заробяць па 2 млн фунтаў, фіналісты — па 1 млн. Спаборніцтвы завершацца 10 ліпеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0