Даўно хацеў сказаць пра Джона Сільвера, але пачну вельмі здалёк і працягну ўдалечыні і закончу не зусім пра яго.

Такім чынам.

Калі я толькі пачынаў пісаць свае «пісьмы», у «Ніву» найперш, я быў, ведаеце якім палымяным? Страшнае дзела. Нікога ў свеце не ведаў і мяне ніхто не ведаў. Казаў роўна тое, што думаю і абсалютна не цікавіўся, «чым маё слова адгукнецца». А словы, між тым, адгукаліся. Бо я ж думаў, што сам пішу і сам жа чытаю, таму страшна здзіўляўся, калі я прадстаўляюся ў незнаёмых кампаніях, а мне казалі «а, ведаем, ведаем». «Што ведаеце?» – думаў я, мераючы ўсіх па сабе, са сваёй кепскай памяццю на імёны і, наагул, латэнтнай інтравертыўнасцю.

Звычайна, пасля асабістага знаёмства і «ведаем-ведаем» я выслухоўваў прэтэнзіі кшталту таго, што ў беларускай мове няма мату, а ўнутры мяне ёсць, што затое ў мове ёсць канцэнтраваная павага і сусветная любоў, а ўнутры мяне няма. Пасля я выслухоўваў малавядомыя мне імёны ўсіх выбітных дзеячоў, каго я пакрыўдзіў, пасля мне казалі, што ўсё гэта нейкая недарэчнасць, бо ў жыцці я такі залаты, ну такі залаты, што проста аба…цца і не жыць. І што трэба, каб Стась мясны адпавядаў Стасю папяроваму.

І я паступова пранікаўся ўдзячнасцю. Незнаёмыя людзі, хоць і з агаворкамі, казалі, што я «дарагі Стась». Гэта вельмі прыемна. Ну вельмі.

Таму я радаваўся, але хутка забываў і пісаў сабе усялякае. Пісаў і пастаянна падкрэсліваў, што я нічый хлопчык і, як акын, што бачу — пра тое і пяю. Што я ўмею і матам, і вось так, і вось гэтак і, канечне, бескапрамісна. Карацей — ах, як я быў сабой задаволены. Ну і сапраўды — не жыццё, а мара: выбіраеш сабе такую пазіцыю — па-над усімі, і адтуль, з вышыні, расказваеш, хто колькі важыць. Выкрываеш, так мовіць. І найперш — тусовачкі.

Тусовачкі, канечне, будучы «уласным хлопчыкам», прызнаеш асаблівым злом, бо з якога боку ні зірні, але іх асноўная функцыя — легітымізацыя удзельнікаў. Вось, дапусцім, ёсць у нас вельмі абстрактны дзеяч Ікс. Сам сабою ён штодзённа выціскае паветра згодна з уласным аб’ёмамі і больш пра яго сказаць няма чаго. Але як толькі з’яўляюцца людзі, якія назавуць яго найбуйнейшым мозгам сучаснасці, ён адразу набывае не толькі аб’ём, але і вагу. Трэба проста знайсці людзей, якія возьмуць на сябе грэх дэфініцыі. Але гэтая задача вырашаецца вельмі проста: ты сам павінен 100 разоў назваць «найвялікшымі гэтымі самымі» пару дзясяткаў іншых дзядзяў і цёцяў, якія больш за ўсё ў жыцці хочуць казаць хоць што-небудзь «у народ». І пацерці лямпу. Ты схлусіў і назваў, яны з удзячнасці схлусілі ў адказ — так з’яўляецца страшна элітарны гурток найвялікшых мазгоў. І, па вялікім рахунку, хрэн бы з ім, калі б не адна акалічнасць. Гурток мазгоў ніколі не бывае задаволены простым дэклараваннем сваёй нацыянальнай значнасці. Гурток пачынае блытаць сваю жыццядзейнасць з нацыянальнымі інтарэсамі і ў пэўны момант можа, напрыклад, прыпісаць сабе права і абавязак выдаваць мандат на карыснасць. Дапусцім, з’явіцца у нас умоўны Z, які паўстане, і блаблабла, і вырашыць рубіць гідру і з цэлым народам гутарку весці, а з глыбіні гуртка яму і скажуць, што «э, не!». І што ты, перш чым весці і рубіць, — дакажы. Ты прыйдзі да нас, стань у першую пазіцыю, пакруціся, станцуй. Прысягні і засведчы. А там паглядзім.А то — іш, дзелавы — гідру рубіць…

Ну і вось з такімі думкамі пачынаеш, значыць, выкрываць. І ў гэты момант у цябе з’яўляецца шмат адізнадумцаў, якія гатовыя, напрыклад, выкрываць не менш за цябе, а зручней за ўсё выкрываецца ў калектыве. Тусовачна.

Ну і, карацей кажучы, усялякіх кампаній, дзе «мяне ведаюць», стала усё больш і больш, і я пазнаёміўся і з тым і з гэтым… А я наогул такі чувак, схільны да рэфлексіяў і мне ўвесь час шкада людзей і, пагаварыўшы, я вечна пранікаўся экзістэнцыяльным трагізмам суразмоўцы. І, канечне, я мог пісаць і пра тое, і пра сёе, але пра канкрэтнага вось гэтага чалавека ўжо не мог, бо мы ж з ім як бы знаёмыя і выпівалі па выпадковасці і рукі ціснулі, а ў яго свая праўда і, «ваапшчэ, сям'я і дзеці». А бывае, што цябе назавуць мозгам. Ну не найвялікшым, але ўсё адно. Немагчыма адарвацца. Мала таго, што слухаеш, пачынаеш верыць. Ну і з удзячнасці ў адказ і табе зноў што-небудзь прыемнае…

Мінае час — пра таго не напішаш і пра гэтага. І ўсе мы прыемныя людзі, і ты як бы і ў той кампаніі, і ў гэтай, і яшчэ вунь там «свой чалавек». І неяк незаўважна прыходзіць момант, калі ты ужо ніхрана не палымяны і, замест гаварэння таго, што думаеш, ты «стараешся быць аб'ектыўным». Ты «ўсведамляеш адказнасць». Ты «не дзеліш свет на чорнае і белае». Карацей кажучы — ператвараешся ў тую самую хрэнь, якую ты пару год таму бескампрамісна выкрываў, калі быў палымяным. І ў моманты шчырасці з самім сабой разумееш, што мог бы, але не стаў. Не адбыўся і што трэба ці нешта мяняць — ці сканчацца. Таму што паралельна з табой ёсць умоўны Джон Сільвер, такі, якім ты збіраўся быць, але выбраў тусовачкі, дзе цябе ведаюць усялякія прыемныя людзі, а ён выбраў гаварыць тое, што думае, і нікому нічым не быць абавязаным. Дык вось, калі шукаць у чым сіла, брат, то, напэўна, у Джонах Сільверах. А ў тусовачках прыемных людзей – не шукаць. Вось так.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?