Сёлета — 150-я гадавіна з часу напісання слыннай камедыі «Пінская шляхта» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.
П'еса была напісаная ў Люцінцы на Валожыншчыне ў 1866 годзе, пасля больш чым гадавога зняволення аўтара ў менскім Пішчалаўскім замку.
150-гадоваму юбілею прысвечанае ўнікальнае выданне камедыі на 5-ці мовах: апроч «палескага» аўтэнтыку і беларускай адаптацыі ў кнізе пададзеныя пераклады на англійскую, нямецкую, польскую, расейскую мовы.
Укладальнік выдання Язэп Янушкевіч на юбілейны паказ камедыі «Пінская шляхта» 29 чэрвеня запрасіў нашчадкаў драматурга. Нагадаем, знакаміты твор у пастаноўцы рэжысёра Мікалая Пінігіна не сыходзіць з Купалаўскіх тэатральных падмосткаў ад 2008.
Наогул, 29 чэрвеня праграма святкавання прадугледжвае:
12:00 — імша ў касцёле Святога Роха (на Залатой Горцы) за Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і ягоных нашчадкаў;
16:00 — кароткая ўрачыстасць у Нацыянальнай бібліятэцы, дзе выступіць прапрапраўнучка класіка новай беларускай літаратуры Агнешка Крыжаньска-Дусь;
19:00 — юбілейная пастаноўка камедыі «Пінская шляхта» на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы (з кароткім вітальным словам галоўнага рэжысёра і пастаноўшчыка Міколы Пінігіна).
Будзем і мы памятаць, што пры жыцьці драматурга ягоная славутая камедыя не публікавалася. Упершыню яна пабачыла свет у Менску за часамі Беларускай Народнай Рэспублікі
ў газеце «Вольная Беларусь» (1918, №№ 30—31). Публікацыі папярэднічала заўвага: «Твор гэты напісаны аўтарам пінчуцкай гаворкай y 1866 r. i да гэтага часу нідзе не друкаваўся. Выпраўлены на беларускі лад, ён друкуецца ў «Вольнай Беларусі» першы раз. З часам «Вольная Беларусь» выдрукуе i аўтэнтык гэтага твора». Аднак тады БНР не здзейснілася, а разам з ёй не здзейсніліся мары мільёнаў сучаснікаў пра ўласную дзяржаўную незалежнасць, пайшлі ў нябыт шматлікія культурныя здабыткі нашых продкаў.
«Пінская шляхта» — адна з цудам ацалелых пярлінаў паднявольнага, але й змагарнага ХІХ стагоддзя.