У Беларусі могуць абмежаваць дзейнасць кантактных заапаркаў, паведаміла 27 чэрвеня на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Наталля Мінчанка.

Паводле яе слоў, Мінпрыроды вывучыла спрэчкі, якія ўзніклі ў тым ліку ў інтэрнэце, аб іх нядаўнім з'яўленні ў гандлёвых цэнтрах Мінска і звярнулася з прапановай у Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі з тым, каб абмежаваць дзейнасць такіх заапаркаў.

«Мы не можам увесь працэс функцыянавання гэтых заапаркаў кантраляваць, не можа яго кантраляваць і сам уладальнік, — сказала яна. — Акрамя бяспекі людзей і жывёл, ёсць яшчэ пытанні санітарна-гігіенічныя і іншыя, таму наша прапанова была — абмежаваць кантакт жывёл з чалавекам».

Як адзначыла кансультант упраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства ЖКГ Віялета Андрыянава, гэтая прапанова была ўлічаная пры унясенні дапаўненняў і змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб жывёльным свеце», асноўныя палажэнні якога ўступяць у сілу 30 чэрвеня 2016 года.

За абмежаванне дзейнасці кантактных заапаркаў выказаўся і генеральны дырэктар Навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах Алег Барадзін.

«Даваць дзецям гладзіць янотападобнага сабаку — гэта выходзіць за межы ўсяго», — пракаментаваў ён.

Мінчанка патлумачыла, што калі закон будзе прыняты, уладальнікі кантактных заапаркаў будуць абавязаныя забяспечыць агароджу ад непасрэдных кантактаў людзей і жывёл. «Калі ўмовы ўтрымання жывёл будуць адпавядаць нормам, то такія ўстановы могуць працягваць працаваць, але без асабістага кантакту. Можна будзе толькі паглядзець на жывёл і, напрыклад, працягнуць моркаўку».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?