Днём 27 чэрвеня ў вёсцы Бальшавік Гомельскага раёна, у невялікім штучным вадаёме, патанула 10-гадовая школьніца. Як паведаміў вядучы спецыяліст Гомельскай абласной арганізацыі Асвода Сяргей Касцючэнка, дзіця загінула з-за недарэчнай выпадковасці.
«Мясцовая бабуля гнала па дарозе свой статак, у якім тры быкі і пяць кароў. Насустрач ішлі дзве школьніцы. Жывёлы пачалі бадацца адно з адным, дзяўчынкі спалохаліся і сышлі ў ваду. Дно там глеістае, і дзяўчынак, мяркуючы па ўсім, стала засмоктваць. Мінак выцягнуў з вады адну дзяўчынку, тая сказала, што з ёй была сяброўка. Мясцовыя падлеткі кінуліся ў ваду і знайшлі на дне дзяўчынку, зрабілі ёй штучнае дыханне, выклікалі хуткую, але было позна — дзіця ўжо памерла», — сказаў спецыяліст Асвода.
Штучны вадаём, у якім патанула школьніца, быў выкапаны ў савецкі час, хутчэй за ўсё, для тэхнічных мэтаў.
26 чэрвеня ў вёсцы Дзяржынск Лельчыцкага раёна знайшлі целы траіх падлеткаў, якія патанулі падчас лоўлі рыбы сеткай. Усяго за выхадныя ў краіне патанула 15 чалавек.