Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Нацыянальная акадэмія навук абвяргаюць інфармацыю са спасылкай на Белстат аб тым, што папуляцыя мядзведзяў у краіне скарацілася ў шэсць разоў, да 20 асобін. 

Як паведаміў 27 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску генеральны дырэктар Навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах Алег Барадзін, на тэрыторыі рэспублікі пражывае ад 90 да 120 мядзведзяў.

«Трэба ўлічваць біялогію гэтага віду жывёл, якія могуць міграваць на вельмі вялікія адлегласці, — сказаў ён. — Часам спрабуюць спекуляваць такой інфармацыяй, але, калі б папуляцыя паменшала, гэта было б заўважана, адпаведныя службы імгненна адрэагавалі б».

Начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Наталля Мінчанка паведаміла, што Мінпрыроды аналізавала статыстычныя дадзеныя Мінлясгаса, якія ведамства падало ў Белстат, і звярнула ўвагу на тое, што «гэта лічбы не пра колькасць мядзведзяў, гэта дадзеныя карыстальнікаў паляўнічых угоддзяў па статыстычнай справаздачнасцi аб паляванні».

Паводле яе слоў, Мінпрыроды разглядала гэтае пытанне з усімі зацікаўленымі ведамствамі, у тым ліку пры ўдзеле Дзяржаўнай інспекцыі, Мінлясгаса, Акадэміі навук і іншых, а таксама правяло пасяджэнне каардынацыйнага савета па біяразнастайнасці.

«Мы прыйшлі да высновы, што дадзеныя карыстальнікаў паляўнічых угоддзяў, якія яны падаюць у статсправаздачнасці, недакладныя і патрабуюць дадатковага вывучэння і карэкціроўкі», — сказала Мінчанка. Прадстаўнік міністэрства дадала, што сама форма статсправаздачнасці як асноўны метад уліку, які ўяўляе сабой анкету-апытальнік, патрабуе карэкціроўкі.

Яна падкрэсліла, што за віды жывёл, уключаных у Чырвоную кнігу, адказваюць акадэмія навук і Мінпрыроды і толькі ў гэтых ведамстваў могуць быць дакладныя дадзеныя.

Прадстаўнік ведамства паведаміла, што пры падтрымцы НАНБ, Навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах цяпер распрацоўваецца новая версія дзяржаўнага кадастру жывёльнага і расліннага свету. Гэта будзе новая база ў сістэме анлайн, дзе кожны жадаючы зможа атрымаць інфармацыю пра колькасць відаў, якія жывуць у Беларусі. Першапачатковы варыянт такой анлайн-базы з'явіцца на працягу найбліжэйшых месяцаў. Інфармацыя ў базе будзе пастаянна папаўняцца.

«А з Мінлясгасам мы будзем працаваць над змяненнем формы статсправаздачнасці, каб не ўводзіць усю краіну ў зман, як у сітуацыі з мядзведзямі», — заявіла Мінчанка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?