Нацкам АДС выступіў зь ідэяй стварыць пры "Белсаце" назіральную камісію (па іншай вэрсіі — грамадзкую раду, але сутнасьць не мяняецца). Парадыгма мысьленьня ў некаторых нашых дэмакратаў — люстэркавы адбітак "вэртыкальных" падыходаў.

"Белсату", канешне, можна закінуць багата прэтэнзіяў. Іншая рэч, што тут мусіць быць карэктнасьць і разуменьне як мінімум двух момантаў: канал толькі становіцца на ногі — раз, кантэнт у Беларусі рыхтуецца ў партызанскіх умовах — два.

Але стварэньне камісіяў дзеля вырашэньня нейкага пытаньня — чыста савецкі шлях. Савецкі жа досьвед паказвае, што звычайна яны станавіліся пятым колам у возе.

А як жа практыка дэмакратычнага Захаду, скажа дасьціпны апанэнт. Хіба не існуюць назіральныя рады пры Бі-бі-сі, нямецкіх тэлеканалах ARD, ZDF і г.д.?

Існуюць. І, між іншым, маюць моцныя правы што да кантролю вяшчальнае палітыкі. Так што пасажы ініцыятараў ідэі — маўляў, хіба зашкодзяць "Белсату" парады аўтарытэтаў (тут на шчыт уздымаюцца імёны Генадзя Бураўкіна і Зінаіды Бандарэнкі, якія, магчыма, яшчэ й ня ведаюць пра задуму) — падаюцца эўфэмізмамі. Мусіць, ёсьць усё ж жаданьне і трошкі пакіраваць :)

І яшчэ такі момант. У той жа Нямеччыне ёсьць дакладны мэханізм вылучэньня сябраў такіх структураў. Там, напрыклад, не дазваляецца, каб прадстаўнікі палітычных партый мелі ў назіральнай радзе бальшыню. Бо гэта публіка такая: і вокам не міргнеш, як зробяць з нармалёвага збалянсаванага СМІ свой "орган" :)

А хто і паводле якіх крытэраў у нас будзе фармаваць структуру для назіраньня над тэлеканалам? Той самы нацкам? Тады прабачце…

Ну і, нарэшце, яшчэ адзін момант. У заходніх дэмакратыях такія рады выконваюць і функцыю, даруйце, пракладкі між дзяржавай і ТВ. Каб чыноўнікі ня лезьлі камандаваць. У дадзеным выпадку рада будзе няздольная як абараніць "нячэсную" тэлевізію ад брутальных атак (кшталту той, што была 27 сакавіка) з боку беларускіх структур, так і рэальна паўплываць на польскі ўрад, які дае грошы на "Белсат".

У заходніх дэмакратыях падобныя рады назіраюць за айчыннымі грамадзкімі каналамі, прэзэнтуюць інтарэсы грамадзянаў, што плацяць грошы на ўтрыманьне гэтых каналаў, нарэшце, працуюць цалкам легальна і маюць заканадаўча замацаваныя правы, зь якімі хоцькі-няхоцькі лічыцца ўрад. У нашым жа выпадку нічога гэтага няма паводле вызначэньня. Таму дапамога можа атрымацца, як у той байцы, памятаеце: "Што ж, каню другі гадок, дык яна за білы і нагамі ў перадок пхне, што мае сілы" :)

Сапраўды, ну што застаецца той радзе ці камісіі? Накідаць "Белсату" прапаганду стратэгіі АДС? Ператвараць канал у "БТ наадварот"?

Адчуваю, тут хто-кольвек моцна пакрыўдзіцца: мы ж з чыстай душой, толькі параіць хочам, каб было лепей! Дык райце на здароўе і так — хто вам не дае? Да слоў шаноўнага Генадзя Бураўкіна ці ня меней шаноўнай Зінаіды Бандарэнкі на "Белсаце", думаю, прыслухаюцца і без усякай камісіі.

ЗЫ. А незалежным беларускім мэдыям патрэбна проста нефармальная, аднак канкрэтная падтрымка, у тым ліку і з боку палітыкаў. Але калі журналісты ды СМІ трапляюць пад раздачу, то часта застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі. Ніякіх камісій дзеля іх вызваленьня з-за кратаў ці дапамогі ў сплочваньні штрафаў чамусьці ніхто не сьпяшаецца ствараць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?