Калякін па Коласаўскай акрузе, Лябедзька — у Сухараве, Вольга Казуліна - па Фрунзэнскай акрузе, генэрал Фралоў - у Слуцку. На Радзіме Зянона Пазьняка ў Іўі кандыдатам мае быць былы палітвязень Іван Крук з АГП. У Менску пераважаюць кандыдаты ад Партыі БНФ, у Берасьці — сацыял-дэмакратаў, а на Гомельшчыне — Партыі камуністаў. Так выглядае адзіны сьпіс кандыдатаў ад Аб'яднаных дэмакратычных сілаў на выбары ў палату прадстаўнікоў. Статкевіч тым часам хоча ісьці на выбары асобна, а «Хартыя-97» і «Малады фронт» байкатуюць.

Многа няяснага застаецца вакол удзелу апазыцыі ў выбарах у палату прадстаўнікоў. Напрыклад, «Малады фронт» як арганізацыя абвясьціла пра байкот парлямэнцкіх выбараў. Але вылучаныя па квоце МФ Дзяніс Садоўскі і Віктар Янчурэвіч (абодва — Менск) і Зьміцер Кухлей (Масты, Гарадзеншчына) — маюць намер узяць удзел у выбарах як незалежныя кандыдаты. У чым тады сутнасьць байкоту МФ, незразумела.

З свайго боку, Анатоль Лябедзька, паколькі МФ афіцыйна ня йдзе на выбары, прапанаваў запоўніць гэтыя вакансіі ў сьпісе АДС вядомым у краіне палітыкам — Аляксандру Мілінкевічу, Станіславу Шушкевічу, Аляксандру Ярашуку ці некаму яшчэ, хто пакуль ня выказаўся аб сваім удзеле ў выбарах.

Так ці інакш, а адзіны сьпіс АДС складзены і пад ім падведзена рыса.

Хто з апазыцыянэраў ідзе на выбары па якой акрузе?

Найбольшая колькасьць апазыцыйных лідэраў назіраецца, што і ня дзіўна, у Менску. Так, лідэр АГП Анатоль Лябедзька зьбіраецца балятавацца ў Сухараўскай выбарчай акрузе. На гэта свой погляд мае сябар «Руху «За Свабоду» палітоляг Алесь Лагвінец, які прапанаваў Лябедзьку правесьці «праймэрыз» па гэтай акрузе, пераможца якога і будзе прадстаўляць апазыцыю на выбарах. У сваю чаргу, Лябедзька лічыць, што «праймэрыз» не адлюстроўваюць усяго спэктару думак выбарцаў, і прапануе сацыялягічнае дасьледаваньне. Пакуль пытаньне так і ня вырашылася.

Лідэр ПКБ Сяргей Калякін будзе спрабаваць дастаць дэпутацкі мандат у Коласаўскай акрузе. Былы старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка — ва Ўсходняй. Супернік Вячоркі на апошнім зьезьдзе БНФ Алесь Міхалевіч зьбіраецца агітаваць за сябе выбарцаў Уручча. Увогуле, БНФ лідэр па сваіх вылучэнцах у Менску. Ад партыі па сталічных акругах таксама ідуць Аляксей Янукевіч (Аўтазаводзкая), Сяргей Карповіч (Кастрычніцкая), Юры Карэтнікаў (Паўднёва‑Заходняя), Валянціна Сьвяцкая (Ясенінская).

Пяць чалавек у Менску будуць прадстаўляць АГП. Апроч ужо названага Анатоля Лябедзькі, гэта былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч (Чкалаўская), Аляксандар Дабравольскі (Сьвіслацкая), а таксама дзьве жанчыны — Валянціна Палевікова (Купалаўская), Людміла Гразнова (Партызанская).

Старшыня зьліквідаванай летась Партыі жанчын «Надзея» Алена Яськова пойдзе ў Серабранцы, а лідэр яшчэ адной зьліквідаванай партыі — Працы — Аляксандар Бухвостаў будзе вылучацца ў Шабанах.

Адзіную вакансію ад БХД заняў у Старавіленскай акрузе Віталь Рымашэўскі. Былы адвакат Аляксандра Казуліна Ігар Рынкевіч забіў за сабой Пушкінскую акругу. Пойдзе на выбары і старэйшая дачка палітвязьня і экс‑кандыдата ў прэзыдэнты Вольга Казуліна, яна зьбіраецца балятавацца ў Фрунзэнскай акрузе.

У Берасьці будзе балятавацца выканаўца абавязкаў старшыні БСДП Анатоль Ляўковіч, ён доўгі час жыў і працаваў акурат у горадзе над Бугам. Дарэчы, Берасьце за сабой амаль цалкам пакінулі сацыял‑дэмакраты. Па другой гарадзкой акрузе на выбары ад апазыцыі ідзе Ігар Маслоўскі. Канчаючы тэму БСДП, адзначым, што ў Івацэвічах будзе балятавацца намесьнік старшыні партыі Іван Анташкевіч, а па Белавескай акрузе — Валянцін Лазарэнка.

Апазыцыйныя камуністы пакінулі за сабой на Берасьцейшчыне адну з Баранавіцкіх акруг, Мухавецкую, Пінскую і Столінскую. Па Пінскай вясковай акрузе ў сьпісах кандыдатаў значыцца Андрэй Сухаверхі з БНФ. Намесьнік старшыні гэтай самай партыі Юрась Губарэвіч паспрабуе прабіцца ў палату ў родным Белаазёрску, дзе ўжо некалі быў дэпутатам мясцовага савету.

Пра жаданьне ўдзелу ў выбарах заявілі шэсьць прадпрымальнікаў — Мікалай Чарнавус (Баранавічы), Ірына Яскевіч (Віцебская Чкалаўская акруга), Алена Мядзьведзева (Бабруйская Ленінская), Аляксандар Цацура (Салігорск), Віктар Крываль (Стоўпцы), Віктар Гарбачоў (Барысаўская гарадзкая).

Найхутчэй, што па Барысаўскай вясковай акрузе пойдзе Сяргей Салаш. У Вялейцы і Мядзелі вылучацца будзе старшыня абласной арганізацыі Партыі БНФ Зьміцер Вінаградаў. Прыхільнік беларуска‑расейскай інтэграцыі генэрал Валеры Фралоў пойдзе на выбары ў Слуцку. Пэўна, гэта зьвязана з тым, што ў горадзе БНРаўскага паўстаньня ў свой час асадзілі шмат вайскоўцаў, якія могуць падтрымаць генэрала.

Тацяна Ваніна (Партыя працы) ідзе па Койданаўскай акрузе, былы ліквідатар Чарнобыльскай катастрофы Аляксандар Валчанін (АГП) — у Жодзіна, лідэр «Маладых дэмакратаў» Аляксандар Шумкевіч — у Маладэчна, Людміла Насановіч («Надзея») — у Салігорску.

Рэдактар недзяржаўнай газэты «Вольны горад» Сяргей Няроўны балятуецца ў родным Крычаве. Былы настаўнік гісторыі з Бабруйску Алесь Чыгір адзіны, хто будзе прадстаўляць на выбарах «Рух «За Свабоду».

Андрэй Юркоў з Партыі БНФ зьбіраецца балятавацца ў Горацкім раёне, дзе хочуць пабудаваць беларускую АЭС.

Чатыры гарадзенскія акругі папалам падзялілі сябры АГП (Яраслаў Раманчук зь Віктарам Падчаненкавым) і БНФ (Вадзім Саранчукоў зь Сяргеем Антусевічам).

На Радзіме Зянона Пазьняка ў Іўі кандыдатам мае быць былы палітвязень Іван Крук з АГП.

Фронтаўцы выдавец «Нашага слова» Станіслаў Суднік будзе балятавацца ў Лідзе, а доктар Іван Шэга — у Слоніме.

Ці ня самае моцнае прадстаўніцтва ПКБ на Гомельшчыне. Ажно сем чалавек — Віктар Хоміч (Гомельская Юбілейная), Уладзімер Сякерка (Гомельская Сяльмашаўская), Сяргей Сяргеенка (Гомельская Прамысловая), Міхаіл Сілівонец (Жыткавічы), Валер Рыбчанка (Жлобін), Віктар Назаранка (Калінкавічы), Сяргей Дайнэка (Сьветлагорск).

Толькі на аднаго штыха менш за камуністаў на Гомельшчыне мае АГП. Кандыдат на старшыню партыі Мікалай Гаўрыленка зойме Палескую акругу, Віктар Палякоў — Гомельскую Савецкую, Адам Варанец — Гомельскую вясковую, Леанід Судаленка — Хойніцкую, Леанід Арлоў — Мазырскую.

Валеры Пуціцкі з БНФ будзе балятавацца ў Рэчыцы, а Кастусь Жукоўскі з БХД — у Буда‑Кашалёве.

Галоўны рэдактар «Товарища» Сяргей Вазьняк ідзе на выбары на Талачыншчыне, Віталь Броўка (БНФ) — на Пастаўшчыне, Алег Тычына (АГП) — на Лепельшчыне, Яраслаў Берніковіч (БНФ) — на Глыбоччыне.

Як бачым, апазыцыя вызначыла сваіх кандыдатаў ва ўсіх акругах. Застаецца немагчымае — хоць дзесьці арганізаваць паралельны падлік галасоў.

* * *

«Эўрапейская Беларусь» абяцае выставіць 60 кандыдатаў, хоць палова яе заснавальнікаў выбары байкатуюць.

Старшыня аргкамітэту Народнай грамады Мікола Статкевіч абяцае, што на восеньскіх парлямэнцкіх выбарах ягоная «Эўрапейская кааліцыя» выставіць каля 60 кандыдатаў. І гэта нягледзячы на тое, што «Хартыя‑97» і «Малады фронт», іншыя элемэнты кааліцыі, выказаліся за байкот. Чаму сябры партыяў Статкевіча і Навасяда не ідуць па агульным сьпісе кандыдатаў АДС?

«Пачынаючы зь мінулага лета, мы неаднаразова зьвярталіся да кіраўніцтва АДС з прапановай выпрацаваць агульную выбарчую плятформу, якая б грунтавалася на ідэі эўраінтэграцыі. Аднак намаганьнямі прарасейскіх сілаў унутры апазыцыйнай кааліцыі нашы прапановы былі адрынутыя», — кажа М.Статкевіч.

«Усё, што расколвае АДС, — дэструктыўная пазыцыя», — адказвае Статкевічу намесьнік старшыні ПКБ Валеры Ўхналёў.

«Наш удзел у выбарах — гэта спроба змаганьня з апатыяй і расчараваньнем, — парыруе М.Статкевіч. — Асабіста я хачу пайсьці на выбары ў Менску па акрузе, дзе безь мяне не было дастатковай агітацыі за далучэньне Беларусі да ЭС», — падсумоўвае палітык.

Зьміцер Панкавец

Фота photo.bymedia.net

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0