Беларусь увяла часовую забарону на рух аўтатранспарту ў пункце пропуску «Дамачава» («Славатычы») на мяжы з Польшчай. Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў ад 24 чэрвеня № 491.

Як паведамляе прэс-служба ўрада, гэтая мера прынятая ў сувязі з аварыйным станам аўтамабільнага моста цераз раку Заходні Буг у пункце пропуску.

Міністэрству транспарту і камунікацый даручана абмежаваць рух па мосце не раней як праз 24 гадзіны пасля атрымання ад МЗС апавяшчэння аб інфармаванні польскага боку аб мерах, што прымаюцца.

Мінтрансу неабходна правесці аднаўленчыя рамонтныя работы на аўтамабільным мосце з наступным яго абследаваннем і выдачай рэкамендацый аб прапускной здольнасці і рэжыме пропуску транспартных сродкаў. Гэтыя работы павінны завяршыцца да 1 кастрычніка гэтага года.

Мінтрансу таксама даручана ўнесці прапановы аб часовым аднаўленні перасячэння аўтатранспартнымі сродкамі дзяржмяжы ў пункце пропуску «Дамачава» да правядзення рэканструкцыі моста.

Акрамя гэтага, Міністэрства транспарту і камунікацый сумесна з Міністэрствам замежных спраў павінны арганізаваць перамовы з польскім бокам аб заключэнні міжнароднага дагавора аб рэканструкцыі аўтамабільнага моста.

Плануецца, што работы па яго рэканструкцыі распачнуцца ў 2017 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?