Першае беларускамоўнае свята Купалля для дзяцей, арганізаванае Таварыствам беларускай мовы, прайшло ў межах гуртка «Мова дзяцей».
У адрозненні ад дзяржаўнага Купалля, якое адзначаецца 7 ліпеня, суправаджаецца п’янымі жыхарамі на вуліцах, рамкамі металашукальнікаў і песнямі пра «Молодость мою…», аўтынтычнае беларускае Купалле мае шэраг дзеяў, якія звязаны ў адзін абрад з тымі ці іншымі рэгіянальнымі адметнасцямі.
Дзеці разам плялі вянкі, вадзілі карагоды, пелі, скокалі праз «вогнішча», гралі ў гульні разам з бацькамі.
Абраднасць свята захоўваецца высілкамі энтузіястаў з грамадскіх арганізацый, якія фіксуюць сведчанні старажылаў і падаўжаюць сапраўдную традыцыю. Гісторыя Беларусі не пачынаецца ў 20 стагоддзі з перамогай у Вялікай Айчыннай вайне, але сягае ў дахрысціянскія часы.
«На Беларусі хрысціянства і язычніцтва шчыльна перапляліся, бабулі ў вёсках да сёй пары моляцца Пяруну і ходзяць у царкву, падаўжаюць існаванне старадаўнія абрады разам з сучаснасцю, — зазаначае старшыня ТБМ у Гомелі Алеся Аўласевіч, — Акрамя перадачы гісторыі мы ствараем альтэрнатыўную беларускамоўную адукацыю ва ўмовах адсутнасці афіцыйнай».
Вядучая мерапрыемства Лідзія Лешчанка дзеліцца: «Мы прыйшлі ў беларускіх строях, каб дзеці бачылі не зялёна блакітныя кашулі, а сапраўдную культуру. Дзеці такія шчырыя ды актыўныя, што ладзіць для іх святы адно задавальненне».
«У нас расце сын, якому 2 гады але на вялікі жаль для яго няма беларускамоўнага асяроддзя, акрамя нас з жонкай. У яго такі ўзрост, калі ён набірае пасіўны слоўнікавы запас, таму хочам, каб беларуская мова была для яго натуральнай. І канешне мы знайшлі атачэнне бацькоў аднадумцаў» — дзеліцца татка Мікола Бянько.
Беларускі інфармацыйны код закладзены ў бела чырвоных старадаўніх арнаментах, у песнях ды карагодах, дзе кожны гук, рух, сцежок ёсць носьбітамі адметнасці нацыі, што як і беларуская мова.