Беларускіх аўтараў зараз можна спампаваць на сэрвіс kniharnia.by легальна, але платна. А з кожнай такой копіі электроннай кнігі сайт плаціць ганарар аўтару.

Усе прадстаўленыя кнігі, як заяўляюць стваральнікі сайта, маюць дазвол ад аўтараў або праваўладальнікаў. Такім чынам няма патурання піратам, якія прапануюць бясплатна спампаваць кнігу, а чытачы ўзнагароджваюць пісьменнікаў за іх творчасць і ўпадабаныя творы.

— Чаму мы бярэм грошы за кнігі? Бо за кніжкі трэба плаціць. Заплачаныя вамі грошы ідуць аўтару, які стварае твор, і на падтрымку нашага праекта, які дазваляе данесці электронную кнігу ад аўтара да вас — чытача. Так прынята ва ўсім цывілізаваным свеце. Калі вы заходзіце ў кнігарню, вам жа не раздаюць кнігі бясплатна? Мы цвёрда верым, што час пірацтва для культурных людзей сышло ў нябыт, — перакананыя стваральнікі сайта.

Кіраўніцтва kniharnia.by супраць пірацтва, бо перакананае, што творчасць пісьменніка ці паэта — складаная праца, у аснове якога ляжыць талент.

— Не кожны можа напісаць цікавую і добрую кнігу. Таму «пірацкія» раздачы кніг без дазволу з боку аўтара — гэта, па меншай меры, непрыгожае і непаважлівае стаўленне да пісьменніцкай працы, — мяркуюць на сайце.

Сайт таксама працуе як электроннае выдавецтва. Выдаць электронную кнігу значна танней, чым надрукаваць на паперы. Пачатковец, аўтар атрымлівае магчымасць заявіць пра сябе, а яго кнігі выкладваюцца і на сусветных гандлёвых платформах, з якімі супрацоўнічае kniharnia.by: Amazon, iTunes, GooglePlay, Smashwords, Barnes & Noble, Kobobooks.

Спампаваць кнігі можна ў любым зручным фармаце: EPUB, MOBI, PDF, TXT, DOC, FB2. Кошт вагаецца ад 20 да 50 тысяч рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?