На прапагандысцкім сайце Life.ru (раней — LifeNews) з'явілася расследаванне Уладзіслава Мальцава «Вашынгтон фінансуе адраджэнне паганства ў Беларусі».
Аўтар дэманструе няведанне гісторыі Беларусі і робіць канспіралагічныя высновы, з якіх вынікае, што вось-вось і дракары гістарычных рэканструктараў паплывуць браць штурмам Дом урада.
Прыводзім некаторыя вытрымкі з тэксту.
«На рацэ Мухавец з'явіліся вікінгі, — пачынаецца расследаванне life.ru. — 25 чэрвеня на ваду быў спушчаны дракар «Слейпнір», весляры якога — сябры арганізацый «Жалезны Жолуд» і «Кола Перуна». Удзельнікі запуску дракара дэманструюць цікавасць да дахрысціянскіх вераванняў, якая далёка сыходзіць па-за рамкі гістарычнай рэканструкцыі».
Гаворка насамрэч ішла пра спуск на ваду дракара, які зрабілі беларускія гістарычныя клубы. Мерапрыемства прайшло ў Брэсце 25 чэрвеня. Ёсць нават відэа, знятае мясцовымі журналістамі.
Што дракар робіць на Мухаўцы? Прычыны зразумелыя — па тэрыторыі сучаснай Беларусі некалі праходзіў шлях «з варагаў у грэкі». Матыў актыўна выкарыстоўваюць розныя аграсядзібы, прапаноўваючы турыстам адчуць сябе весляром дракара, пракаціўшыся некалькі кіламетраў па рацэ.
Але вось што піша пра гэта аўтар Life.ru.
«Вікінгі сапраўды наведвалі гэтыя землі ў сярэднявеччы як рабаўнікі і заваёўнікі. Навошта зараз адраджаць памяць аб іх? Нават на фоне адкрыцця помніка Альгерду такога роду ініцыятыва выглядае абуральна», — абураецца «гісторык» і дадае, што ўсё гэта было аплочана амерыканскім агенцтвам па міжнародным развіцці USAID.
«У Расіі з 2012 годзе дзейнасць USAID забаронена, бо гэтая як бы дабрачынная структура была адной з крыніц фінансавання грамадска-палітычных праектаў у Расіі», — піша Life.ru.
Далей аўтар прыводзіць вынікі маніторынгу старонак УКантакце лідараў клубаў гістарычнай рэканструкцыі.
У дакор Але Палікарпук — гаспадыні аграсядзібы «На зарэчнай вуліцы», уласніцы дракара — аўтар ставіць тое, што яна падпісаная на суполкі «раднавераў».
Дарэчы сп. Ала — жанчына года Беларусі-2014 у намінацыі «За адраджэнне сяла».
Фрагмент святкавання Купалля на агра-сядзібе
На думку стваральніка артыкула, таксама «кепска» тое, што ў аграсядзібе госці могуць замовіць сабе рэканструкцыю паганскага абраду — гэта, ва ўяўленні аўтара, удар па хрысціянстве.
Спасылкі на навуковыя работы дактароў гістарычных навук-скандынавістаў, якія публікуюць суполкі рэканструктараў УКантакце, аўтар называе «прапагандай сучаснага скандынаўскага неапаганства».
А далей і ўвогуле здзіўляе чытача «шакуючымі» фактамі.
«Істотны момант — у аграсядзібе ў месцы «рэканструкцыі абрадаў» узведзены тыповы паганскі ідал. Яго наяўнасць не афішуецца, у афіцыйных фотасесіях на інтэрнэт-рэсурсах аграсядзібы ён не заўсёды трапляе ў кадры, але ў 2014 годзе ён быў сфатаграфаваны журналістамі сайта 21.by. Фатаграфія з абраду «для сваіх» потым з'явілася ў суполцы ў інтэрнэце», — аўтар прыводзіць «факты», у адказ на якія можна сказаць хіба што «Ну і што?».
Дарэчы, «абрад для сваіх» — гэта арганізацыя святкавання Купалля для турыстаў-ісландцаў, якія вязуць у Беларусь грошы, гэта можна зразумець, адшукаўшы матэрыял, на які спасылаецца аўтар.
Зрэшты, уся Беларусь святкуе гэтае «паганскае свята», а існаванне ідала ніхто і не хавае — гэта неад'ёмны атрыбут аграсядзібы, які стварае антураж і не выклікае заклапочанасці ні ў каго, апроч асобных журналістаў-канспіролагаў.
Але ў выніку аўтар ідзе яшчэ далей, і звязвае гэты паганскі ідал з украінскім палком «Азоў», яго кіраўніком Андрэем Білецкім і «вучнем» Збігнева Бжэзінскага Раманам Зварычам.
Аргументацыя — «зусім нядаўна на базе «Азова» таксама ўстанавілі паганскі ідал». Смешна, але сваё расследаванне аўтар так і скончвае: «Супадзенне?»
«Наша Ніва» звязалася з гэтай Алай Палікарпук, якую ў негатыўным свеце ўзгадвае Life.ru.
Яна сказала, што не будзе апраўдвацца і каментаваць домыслы дурняў, якія нават не былі на яе сядзібе.
Адно што дадала — той самы дракар, ад якога ашалелі расійскія прапагандысты, насамрэч пабудаваны на чужыя грошы — у рамках Праграмы развіцця ААН.
На гэтыя 15 тысяч даляраў быў абвешчаны конкурс, санкцыянаваны беларускімі ўладамі. У ім бралі ўдзел 16 суіскальнікаў. Мэты — спрыянне развіццю рэгіянальнага турыстычнага бізнэсу.
Ала Палікарпук
І жанчына выйграла конкурс, пабудаваўшы дракар, праклаўшы вела- і конныя сцежкі, удасканаліўшы аздабленне сядзібы.
«А тое, што ў Расіі забаронены фонд, дзякуючы якому мы пабудавалі дракар, — дык гэта іхнія праблемы», — дадала спадарыня Ала.
Яе сядзіба «На Зарэчнай вуліцы» — лаўрэат шматлікіх прэмій, сюды прыязджаюць сотні турыстаў як з Беларусі, так і з замежжа, каб акунуцца ў антураж сярэднявечнага шляху «з варагаў у грэкі».