Кандыдатам у дэпутаты на гэтых парламенцкіх выбарах будзе дадзеная магчымасць пяціхвілінных выступаў па тэлебачанні, радыё, а таксама ўдзелу ў дэбатах у выпадку іх правядзення. Гэта вынікае з пастановы ЦВК аб парадку выкарыстання СМІ кандыдатамі ў дэпутаты.

Кандыдаты ў дэпутаты ў мінскіх акругах будуць выступаць у эфіры тэлеканала «Беларусь 3» і радыё «Мінск», у акругах Мінскай вобласці — у эфіры тэлеканала СТВ і радыё «Мінская хваля». Кандыдаты ў дэпутаты ў астатніх акругах будуць выступаць у эфіры абласных тэлерадыёкампаній. Усе выступы па тэлебачанні будуць паказаныя з 19.00 да 20.00, транслявацца па радыё — з 7.00 да 8.00.

Што да дэбатаў, то кандыдат мае права адмовіцца ад удзелу ў іх альбо накіраваць на дэбаты давераную асобу.

Кандыдатам у дэпутаты будзе дадзеная магчымасць апублікаваць бясплатна свае перадвыбарныя праграмы ў адным з наступных друкаваных выданняў: «Звязда», «Народная газета», «Рэспубліка», абласныя газеты.

Акрамя таго, для публікацыі праграм у друкаваных СМІ і на інтэрнэт-рэсурсах, а таксама выступаў па тэлебачанні ці радыё кандыдаты могуць выкарыстоўваць сродкі сваіх выбарчых фондаў.

«Умовы выкарыстання СМІ на парламенцкіх выбарах гэтага года не горшыя, чым даваліся кандыдатам на папярэдніх выбарах», — падкрэсліла на пасяджэнні Цэнтрвыбаркама 28 чэрвеня член камісіі Алена Дмухайла.

Парламенцкія выбары ў Беларусі адбудуцца 11 верасня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?