Міністэрства аховы здароўя зрабіла ўсё неабходнае для медыцынскага забеспячэння правядзення святочных мерапрыемстваў, якія маюць адбыцца з нагоды Дня Незалежнасці Беларусі, заявіў на прэс-канферэнцыі 28 чэрвеня начальнік аддзела арганізацыі медыцынскай абароны пры надзвычайных сітуацыях Міністэрства аховы здароўя Алег Панчук.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што «ў Мінску на медзабеспячэнне накладаюць складанасці чаканая вельмі вялікая колькасць людзей на запланаваных мерапрыемствах і спякотнае надвор'е».

«Чакаецца вельмі сур'ёзнае спякотнае надвор'е. Гэта будзе ўплываць на арганізацыю медыцынскага забеспячэння ў цэлым і медзабеспячэння ветэранаў, якіх з рэгіёнаў даставяць у Мінск на ваенны парад. Гэта будзе зроблена ў суправаджэнні медыцынскіх работнікаў», — адзначыў прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя.

Паводле яго слоў, у Мінску ў месцах правядзення масавых мерапрыемстваў будуць дзяжурыць брыгады хуткай медыцынскай дапамогі. Клінічныя бальніцы і РНПЦ гатовыя да прыёму пацярпелых. Яны ўзмоцнены спецыялістамі хірургічнага профілю і анестэзіялогіі. «Зарэзервавана неабходная колькасць ложкаў», — запэўніў Панчук.

Паводле яго інфармацыі, падчас парада 3 ліпеня ў Мінску будуць дзяжурыць 22 асноўныя і 14 рэзервовых брыгад хуткай медыцынскай дапамогі, увечары — на гала-канцэрце і салюце — 19 і 14 брыгад адпаведна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?