Канфлікт адбыўся 2 красавіка. На запісе камеры відэаназірання, якую мама пацярпелага хлопчыка выклала ў інтэрнэт, відаць, як тата 7-гадовага Ромы трымае 9-гадовага Кліма, а Рома б'е Кліма нагамі ў жывот. Гісторыя выклікала рэзананс у краіне. Яе абмяркоўвалі ў ток-шоу «Форум» на тэлеканале БТ-1.
У маі ў дачыненні да таты Ромы распачалі крымінальную справу па ч. 1 арт. 339 КК РБ ( «Хуліганства»).
Судовы працэс пачаўся 27 чэрвеня. Абвінавачаны прызнаў, што не меў рацыі ў той сітуацыі, і выбачыўся перад Ірынай і Клімам. Але пры гэтым мужчына не прызнаў сябе вінаватым у хуліганскіх дзеяннях.
Дзяржабвінаваўца, памочнік Баранавіцкага міжраённага пракурора Святлана Пасемка прасіла суд прызначыць абвінавачанаму пакаранне ў выглядзе двух гадоў папраўчых работ.
Ірына палічыла, што пакаранне для таты Ромы павінна быць строгім, і папрасіла спагнаць 30 млн рублёў у якасці маральнай шкоды. Жанчына патлумачыла, што хоча на гэтыя грошы звазіць сына на адпачынак у санаторый.
Абвінавачаны з такой сумай не пагадзіўся і сказаў, што гатовы выплаціць толькі 2 млн.
Суд вынес абвінавачанаму прысуд 28 чэрвеня.
Мужчыну прызналі вінаватым у хуліганстве і прызначылі два гады папраўчых работ. Таксама суд пастанавіў, што бацька Ромы павінен выплаціць сям'і Кліма 15 млн рублёў у якасці маральнай шкоды.