Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, грунтуючыся на дадзеных афіцыйнай статыстыкі, заяўляе аб зніжэнні каэфіцыента напружанасці на рынку працы Беларусі. Незалежныя эканамісты ў сваю чаргу адзначаюць, што афіцыйныя паказчыкі не адлюстроўваюць рэальных маштабаў беспрацоўя ў краіне.

Паводле звестак Мінпрацы, каэфіцыент напружанасці — адносіны колькасці зарэгістраваных беспрацоўных да колькасці вакансій — знізіўся з 1,7 беспрацоўнага на адну вакансію на 1 чэрвеня 2015 года да 1,5 — на 1 чэрвеня гэтага.

Пры гэтым попыт на працоўную сілу ў студзені—маі ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года вырас, адзначаюць у міністэрстве. «На канец мая 2016 года ў органы па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне паступілі звесткі аб наяўнасці 34,8 тыс. вакансій, што склала 134,5% да ўзроўню 2015 года. Патрэба у работніках па рабочых прафесіях склала 51,6% ад агульнай колькасці вакансій супраць 58,8% на канец мая 2015 года», — гаворыцца ў аглядзе сітуацыі на рынку працы, які падрыхтавала Мінпрацы.

Узровень зарэгістраванага беспрацоўя на канец мая 2016 года склаў 1,1% да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва. За май гэты паказчык знізіўся на 0,1 працэнтнага пункта, адзначаюць у Мінпрацы.

Паводле дадзеных міністэрства, колькасць асоб, якія рэгіструюцца ў якасці беспрацоўных, у параўнанні з мінулым годам зменшылася. Так, калі ў маі 2015 года ў якасці беспрацоўных былі зарэгістраваны 15 тыс. чалавек, то за аналагічны месяц бягучага года — 12,7 тыс. чалавек. У красавіку 2016-га службы занятасці зарэгістравалі 15,1 тыс. работнікаў супраць 16,6 тыс. у красавіку мінулага года.

Між тым незалежныя эканамісты лічаць, што афіцыйны паказчык беспрацоўя не адлюстроўвае рэальныя маштабы гэтай з'явы ў краіне, бо з-за нізкага памеру дапамогі (складае каля 13 долараў у месяц) шмат беспрацоўных афіцыйна не хочуць рэгістравацца.

На думку экспертаў, цяперашні памер дапамогі па беспрацоўі занадта малы (у маі сярэдні памер дапамогі па беспрацоўі складаў 15,4% бюджэту пражытачнага мінімуму), хоць у многіх краінах дапамога з'яўляецца адной з найважнейшых мер падтрымкі людзей у выпадку страты працы.

«Гэта той інстытут сацыяльнай абароны, які павінен дапамагаць беспрацоўным перажыць складаны перыяд. Памер цяперашняй дапамогі, якая складае каля 260 тыс. рублёў, — карыкатура на той інстытут, які павінен абараняць людзей у выпадку страты працы», — падкрэслівае старшы даследчык Цэнтра сацыяльна-эканамічных даследаванняў (CASE Беларусь) Уладзімір Валетка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?