Лета – гэта не толькі час адпускоў і рэзкага спаду актыўнасці, гэта таксама пара, калі з’яўляецца болей магчымасцяў нешта пачытаць. Творы, якія прапануюцца па нашай новай акцыі, не пакінуць вас ні на хвілю абыякавымі. Гэта два культавыя раманы прызнанага майстра прыгодніцкага жанру Сяргея Пясецкага, два найноўшыя сусветныя бэстселеры, чые продажы даўно прабілі адзнаку ў сотні мільёнаў асобнікаў, а таксама пакуль невядомы ў Беларусі раман Фларыяна Чарнышэвіча «Надбярэзінцы».

1. Сяргей Пясецкі. Жыццё раззброенага чалавека. ARCHE 5 2014

Асноўнае дзеянне раману адбываецца на тэрыторыі міжваеннай Заходняй Беларусі – у Вільні, Лідзе, Баранавічах, Маладзечне, Берасці, а таксама ў заходнебеларускіх вёсках і мястэчках. Раман расказвае пра небяспечныя і поўныя інтрыг, часам крымінальныя, а часам сэксуальныя прыгоды дэмабілізаванага добраахвотніка польскага войска Міхала Лубеня. Прыехаўшы з Мінска ў Вільню, ён адчувае сябе кінутым на сваволю лёсу. Пасля доўгіх і беспаспяховых спробаў уладкавацца на працу Лубень выбірае працу натуршчыка ў падпольнай віленскай порнастудыі. Калі ж і гэтая праца перастае яго матэрыяльна задавальняць, ён становіцца ўдзельнікам крымінальнай банды, якая займаецца вырабам і продажам фальшывых чэкаў амерыканскіх банкаў. Хоць напачатку гэтая дзейнасць прыносіць Міхалу Лубеню неверагодны даход, урэшце яна прыводзіць яго ў віленскую турму. Апісанне побыту вязняў віленскай турмы, каларытныя вобразы заходнебеларускіх яўрэяў і сялян, якія, як адымыслова падкрэслівае аўтар, гавораць сакавітай беларускай мовай – таксама ад’емны элемент гэтага твору. Папяровае выданне аздоблена рэдкімі фотаздымкамі Вільні пачатку XX ст., а таксама ўзорамі тагачаснага эратычнага фотамастацтва.

2. Сяргей Пясецкі. Багам ночы роўныя. ARCHE 11 2015

Раман быў напісаны і выдадзены ў наступны год пасля вызвалення аўтара з турмы (1938) і апавядае пра дзейнасць польскіх шпіёнаў і тутэйшых кантрабандыстаў у 1923 годзе на беларускім участку тагачаснай савецка-польскай мяжы. Менск з яго тапаграфічнымі дамінтантамі (губернатарскі сад, гатэль «Парыж») і тагачаснымі прадмесцямі (Серабранка, Мядзведжына, Яркава, Старое Сяло) выступае асноўнай сцэнай, дзе адбываецца дзеянне.

Перыферыйнымі сцэнамі, на якіх разгортваецца дзеянне ў рамане, выступаюць Бабруйск, Ракаў, Вязьма, Лагойск і іншыя гарады і мястэчкі.

«Багам ночы роўныя» — гэта выдатны прыклад вострасюжэтнага шпіёнскага раману з яго неад’емнымі атрыбутамі — падступнасцю, каханнем і сэксам, індывідуальным і калектыўным ужываннем наркотыкаў (пераважна какаіну), пальбой з розных відаў зброі і нечаканай трагічнай канцоўкай.

Як своеасаблівае паслоўе да раману друкуецца даследаванне гісторыкаў Уладзіміра Ляхоўскага і Канстанціна Нашчынца «Кантрабанда ў БССР у 1920-х — 1930-х гг.: сацыяльна-эканамічнае вымярэнне».

3. Дэн Браўн. Код да Вінчы. ARCHE 1-2 2015

Арыгінальнае выданне раману Дэна Браўна выйшла ў 2003 годзе. Згодна з яго сюжэтам, Каталіцкі касцёл свядома хаваў рэальныя акалічнасці жыцця Хрыста, у прыватнасці, яго шлюб з Марыяй Магдаленай. Агульныя продажы кнігі ў свеце перасягнулі 100 млн. асобнікаў.

4. Артур Голдэн. Мемуары Гейшы. ARCHE 7-8 2015

Арыгінальнае выданне рамана пабачыла свет у 1997 годзе і цэлыя два гады знаходзілася ў спісе бестсэлераў «New York Times». Яго сукупны наклад перасягнуў 10 мільёны асобнікаў. Твор перакладзены болей чым на 30 моў. Гэта адзін з самых папулярных раманаў сучаснасці.

5. Фларыян Чарнышэвіч. Надбярэзінцы (фрагмент раману). ARCHE 10 2014

У гэтым нумары друкуецца фрагмент раману Фларыяна Чарнышэвіча «Надбярэзінцы». Арыгінальнае выданне на польскай мове выйшла ў 1942 г. у Буэнас-Айрэсе.

Галоўныя падзеі ў рамане адбываліся ля Бярэзіны ў адлегласці 20—25 км ад Бабруйска, пэрыфэрыйная прастора гэтых падзеяў дакраналася Бялыніч і Магілёва. Аўтар, ураджэнец Бабруйску, адлюстраваў у рамане канфлікты паміж каталіцкай шляхтай і праваслаўным сялянствам.

Крытыкі параўноўваюць раман Фларыяна Чарнышэвіча «Надбярэзінцы» з «Вайной і мірам» Льва Талстога і «Ціхім Донам» Міхаіла Шолахава.

Пра ўмовы атрымання часопіса можна прачытаць на сайце часопіса Arche.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0