У Беларусі аднавілі выкарыстанне вакцыны «Прыёрыкс» (супраць адру, паратыту і краснухі), паведаміла намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан.
Нагадаем, выкарыстанне гэтай вакцыны было прыпынена ў пачатку чэрвеня пасля таго, як памерла прышчэпленая ёю ў Гродне шасцігадовая дзяўчынка. У Міністэрстве аховы здароўя чакалі, што прыпыненне выкарыстання вакцыны працягнецца некалькі дзён.
Як адзначыла Іна Карабан, Міністэрства аховы здароўя аднавіла выкарыстанне вакцыны «Прыёрыкс» у сувязі з тым, што «не было выяўлена адхіленняў якасці лекавага сродку як на момант пастаўкі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, так і ў ходзе яго выкарыстання».
«Усе серыі вакцыны «Прыёрыкс» вытворчасці GlaxoSmithKline Biologicals s.a. (Бельгія), якія выкарыстоўваюцца ў Рэспубліцы Беларусь, у чэрвені 2016 года прайшлі кантроль якасці і па выніках выпрабаванняў адпавядаюць патрабаванням па правераных паказчыках і раздзелах», — сказала Карабан.
Яна адзначыла, што якасць лекавага сродку «Прыёрыкс» на момант пастаўкі ў Беларусь таксама пацвярджаецца наяўнасцю шэрагу сертыфікатаў адпаведнасці патрабаванням Належнай вытворчай практыкі лекавых сродкаў.
Вакцына «Прыёрыкс» вытворчасці GlaxoSmithKlineBiologicals s.a. рэкамендавана Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя для выкарыстання ў нацыянальных праграмах імунізацыі, падкрэсліла Карабан.