Буйныя ўнівермагі і гандлёвыя цэнтры Мінска правядуць у ліпені дні зніжак, паведаміла прэс-сакратар галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама Настасся Прымака.
Гандлёвы дом «На Нямізе» прадаставіць пакупнікам 20-працэнтную зніжку на тавары па серадах — 13, 20 і 27 ліпеня, ГУМ — па чацвяргах (14 і 28 ліпеня). Уладальнікі дысконтных картак ГУМа змогуць набыць нехарчовыя тавары на 22 працэнты танней і харчовыя - на 7% з 20 па 22 ліпеня. Універмаг «Беларусь» будзе дарыць зніжку 20% па аўторках — 12, 19 і 26 ліпеня.
Набыць тавар танней на 17% мінчане і госці сталіцы могуць у ЦУМе па чацвяргах — 14 і 28 ліпеня. Зніжку 15% прадаставіць пакупнікам «Кірмаш» па серадах (6, 13, 20 і 27 ліпеня), уладальнікам дысконтных картак падораць 20-працэнтную зніжку 8 і 22 ліпеня. Магазіны гандлёвага цэнтра «Сталіца» 9 і 23 ліпеня прапануюць зніжкі да 50%.